Самую старую ў Беларусі царкву чакае рамонт


Протаіерэй Аляксандр Балоннікаў. Горадня 20 ліпеня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Міністэрства культуры зацвердзіла план рамонтных прац Каложскай царквы. Драўляную сцяну пакінуць, але цалкам адрамантуюць.

19 ліпеня скончылася апошняе паседжанне ў Міністэрстве культуры, звязанае з пытаннем рамонту Каложскай царквы ў Горадні. На рамонт Каложы з прэзідэнцкага фонду выдзелілі 200 тысяч беларускіх рублёў. Як распавёў протаіерэй Аляксандр Балоннікаў, які служыць у царкве, засталося два тыдні на дапрацоўку праекту.

«Я вельмі спадзяюся, што праз два тыдні пачнуцца працы і да халадоў усё гэта скончыцца. Я задаволены, бо, дзякуючы гэтаму праекту, мы зможам маліцца ў царкве і служыць у бяспецы. Самае важнае гэта бяспека, таму што той стан драўляных згнілых крокваў і слупоў на якіх трымаецца дах і сцяна вельмі небяспечны і нават перадаварыйны. Самае галоўнае, што гэты рамонт не закрывае перспектыву рэканструкцыі», – кажа святар.

«Керамзіт і шклавата там ужо ёсць»

Як распавёў айцец Аляксандр, першае даследаванне праводзілася ў 2015-м годзе з удзелам навукоўцаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту. Акрамя таго з геарадарам сканаваць зямлю ўнутры і вакол царквы прыязджалі навукоўцы з Полацкага ўніверсітэту.

«Калі ўскрывалі драўляную сцяну, выявілася, што гэта не прыбудова 19-га стагоддзя, як меркавалася раней. Перабудова вялася, хутчэй за ўсё ў 1947-м годзе. Пасля вайны людзі самі прыносілі са сваіх падворкаў і дошкі, і слупы, якія ставілі замест тых, якія паставілі напрыканцы 19-га пачатку 20-га ст. І гэтыя слупы былі прынесены сюды не новымі. Гэта разабраныя старыя будынкі драўляныя, бо слупы гэтыя ўжо маюць сляды і балтоў, і цвікоў. Іх пераварочвалі да гары, каб не супадалі гэтыя прабоіны і выкарыстоўвалі тут, каб умацаваць гэтую сцяну».

Каложская царква ў Горадні, 12 ст. Горадня 20 ліпеня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Протаіерэй распавядае, што да 1977-га года царква стаяла без вокнаў.

«Не было падлогі ў царкве, проста пяском было пасыпана. А тут калі мы ўскрылі мы ўбачылі што? Керамзіт і шклавату. Частка сцяны вось такім чынам уцепленая керамзітам, а частка шклаватай. Паколькі дрэва было выкарыстана таксама не самае лепшае, яно хутка згніло. Нібыта і не старое дрэва, а ўсё знішчанае».

Драўляная сцяна застанецца, але з новай абшыўкай

Згодна з планам рамонту, у першую чаргу будуць умацаваныя часткі сцяны і даху: усё што згніло і не выконвае сваёй функцыі. Здымецца абшыўка і рэйкі, якія сёння закрываюць дзіры паміж дошак.

«Перш за ўсё мы ўмацуем гэты кут драўлянай сценкі. Хутчэй за ўсё, уся вонкавая абшыўка будзе змененая. І тое, што згніло ўнутры, а згніло шмат чаго, на жаль, гэта таксама ўсё будзе мяняцца. Вырашылі, што сцяну ніхто мяняць не будзе. Толькі падрамантуюць», – распавядае пра ход рамонтных прац айцец Аляксандр.

Каложская царква ў Горадні, 12 ст. Горадня 20 ліпеня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

«На жаль, уражанне сёння складваецца такое, як сёння некаторыя кажуць:як хлеў. І мы хочам адысці ад гэтых рэек і замест іх паставіць тое, што будзе нагадваць пілястры, фрагменты на каменнай сцяне. Усё будзе з дрэва. Толькі ўмацуецца гэты кут, які прасеў. Уся электрыфікацыя будзе па-новаму зроблена, унутры разводка электрычнасці будзе і тут падводка будзе падлучаная. Дрэва абяцаюць, што выберуць найлепшае, якое ёсць у Беларусі. Я вельмі спадзяюся, што новая абшыўка будзе больш прывабнай. Бо, канешне, вельмі сорамна за такі стан царквы».

Магчымасць рэканструкцыі застанецца

Рэканструкцыя Каложы планавалася яшчэ ў далёкія 90-я гады, калі свае паслугі па рэстаўрацыі прапанавалі французы. Тады склалі праект пабудовы шкляной сцяны замест драўлянай. Своеасаблівае спалучэнне мадэрну і старажытнасці. Можна было б з вуліцы праз шкло назіраць, як гараць царкоўныя знічы і праходзяць малебны. На вялікі жаль праект не ажыццявілі, а да рамонту сцяны, якая дайшла да аварыйнага стану, улады прымуцца толькі цяпер. Як лічыць айцец Аляксандр, самае важнае, што застанецца магчымасць рэканструкцыі.

Каложская царква ў Горадні, 12 ст. Горадня 20 ліпеня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

«Было дзве канферэнцыі, на якіх мы шукаем самы лепшы варыянт канцэпцыі, як рэстаўраваць, бо мы ведаем, што на сённяшні дзень сапраўды з рэстаўрацыяй не так усё проста. І мы павінны не спяшацца, а прыйсці да тых высноў, якія будуць найлепшыя і для царквы, і каб можна было сказаць: «якія малайцы, беларусы! Сапраўды змаглі адрэстаўраваць царкву так, як гэта можа быць прыкладам і для іншых», – кажа святар.

ПВ

Глядзі таксама
Каментары