Самотную маці, якая прадавала ў Маладзечна свае кветкі і цыбулю, будуць судзіць


«Распачала спробу ўцячы і стала адштурхоўваць міліцыянера», – тлумачыць міліцыя прычыны затрымання гандляркі, на якую працаўнік міліцыі апрануў кайданкі.

6 траўня ў Маладзечне людзі «адбілі» жанчыну, што гандлявала кветкамі, у супрацоўнікаў міліцыі. У дачыненні да жанчыны распачалі адміністрацыйны працэс за парушэнне правілаў гандлю і непадпарадкаванне патрабаванню службовай асобы. Пра гэта паведамляе прэс-служба УУС Менаблвыканкаму.

Каля 10-й гадзіны 6 траўня побач з гарадскім рынкам у горадзе Маладзечна камісія ў складзе прадстаўнікоў аддзелу гандлю і паслугаў райвыканкаму, раённага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі, а таксама камунальных службаў праводзіла рэйдавыя мерапрыемствы па выкананні правілаў гандлю і прафілактыцы фактаў гандлю ў неўстаноўленых месцах.

Супрацоўнікаў міліцыі да гэтага мерапрыемства прыцягнулі з мэтай аховы грамадскага парадку. Члены камісіі выявілі факт гандлю ў неўстаноўленым месцы з боку мясцовай жыхаркі, якая з латкоў прадавала вазонныя кветкі.

Жанчына адмовілася назваць удзельнікам рэйду сваё імя, прозвішча і месца жыхарства. Яны звярнуліся да супрацоўніка міліцыі па дапамогу ва ўстанаўленні асобы жанчыны.

Супрацоўнік міліцыі прапанаваў жанчыне прайсці ў РАУС для высвятлення асобы. На гэта жанчына спрабавала пакінуць месца інцыдэнту.

«Упарты, як тыя бандэраўцы на Украіне. У яе дзеці і мужыка няма і працы няма. Як жа ёй жыць?», – каментавалі людзі з натоўпу дзеянні міліцыянта.

Супрацоўнік міліцыі рушыў услед за ёй, папярэджваючы аб недапушчальнасці здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў і непадпарадкаванні законным патрабаванням, а таксама пра тое, што да яе могуць быць ужытыя фізічная сіла або спецыяльныя сродкі. Жанчына стала адштурхоўваць супрацоўніка міліцыі, гаворыцца ў паведамленні ахоўнікаў правапарадку.

41-гадовай мясцовая жыхарка раней неаднаразова прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці (у тым ліку за гандаль ва неўстаноўленых месцах і незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць).

ЮВ, belsat.eu, паводле rh.by

Глядзі таксама
Каментары