Самая беларуская будаўнічая крама, Або асаблівасці трымання беларускамоўнага бізнесу


[vc_row][vc_column][/vc_column][/vc_row]Гарадзенскі прадпрымальнік 20 гадоў запар трымае беларускамоўную краму з будаўнічымі матэрыяламі ды дзеліцца з «Белсатам» асаблівасцямі вядзення белмоўнага бізнесу.

«Людзі часта прыходзяць і дзяцей сваіх прыводзяць на дзіва дзіўнае паглядзець. – Дачушка, паслухай! Тут пачуеш сваю родную мову». – распавядае ўладальнік крамы «Юрась», якая сярод гарадзенцаў праславілася, як адзіная беларускамоўная крама на рынку «Паўднёвы».

«Я ўжо такі дыназаўр», – жартуе прадпрымальнік. Юры Галянеўскі адкрыў сваю краму з будаўнічымі матэрыяламі ў 1997 годзе. Менавіта тады ён вырашыўся цалкам перайсці ў побытавых і прафесійных стасунках на беларускую мову.

«Бо гэта натуральна, – тлумачыць бізнесовец. – Такія часы былі, часы перамен у горшы бок. Беларуская мова перастала вітацца. Тады быў непрыемны для нас, беларусаў, рэферэндум. Гэта мяне за жывое закранула. Я быў больш рускамоўны чалавек – скончыў рускамоўную школу, пасля войска. А пасля краіна памянялася і людзі пачалі да сваіх каранёў вяртацца. Пачаў ездзіць за мяжу ў Польшчу.

Мы прыязджалі з Беларусі і размаўлялі на мове суседзяў. З нас пасмейваліся. І сапраўды пацешна было. Тут за мяжой людзі з Гайнаўкі па-беларуску гутараць, а мы з Беларусі прыехалі і гаворым па-расейску.

Гэта моцна паспрыяла на мой выбар мовы ў працы і, так скажам, побыце. Сам я з вёскі, таму для мяне гэта было не цяжка».

Пасля таго, як прадпрымальнік пачаў весці свой бізнес па-беларуску, адваротнай дарогі ўжо не было. Людзі вярталіся ў краму спецыяльна паслухаць, можа, не такую дасканалую, як лічыць сам спадар Юры, але сваю родную мову.

«Беларускамоўнасць для працы, для камерцыі, толькі прыносіць больш плюсаў, чым мінусаў. 99 адсоткаў кліентаў рэагуюць вельмі прыязна. Але здараюцца, канешне, і розныя смешныя недарэчнасці. Бывае нават мяене папраўляюць: «а Вы не так гаваріце! Па-беларуску так і гэтак гучыць!» Кажу: – Дзякуй, што дапамагаеце. Будзем разам вывучаць!».

Як сцвярджае бізнесовец, кліенты тут больш свае местачковыя. Кропак з будаўнічымі матэрыяламі шмат, але перавагу аддаюць менавіта краме «Юрась».



Аднак здараюцца розныя выпадкі. Адна жанчына аднойчы пачала істэрычна настойваць, каб з ёй, «барані Божа!» не гаварылі па-беларуску. Прадавец пачаў яе супакойваць, аднак у гутарку падключыліся іншыя пакупнікі, якія стаялі збоку і абурана накінуліся «выхоўваць» жанчыну: «А хто Вы такая? А дзе Вы нарадзіліся? Можа, з Вамі па–ангельску гаварыць?».

«Я ўжо пачаў супакойваць людзей, але тыя ізноў за сваё. Абараняюць. Хоць другі раз самі, можа, не выкарыстоўваюць, бо такі час. Асяроддзя мала беларускамоўнага. Дзяржава, хутчэй за ўсё, шмат у гэтым вінавата. Ну, не важна. Але ў людзей гэта ўнутры ўсё – родненькае. Яны гэтага чакаюць. Яны гэта бароняць. Гэта найлепшы брэнд. Не добры, а менавіта найлепшы. Мова спрыяе толькі да лепшага. Калі людзі самі абараняюць…».

Як узгадвае Юры Генрыхавіч, самае складанае было напачатку авалодаць тэхнічнымі тэрмінамі. Знайсці ў беларускай мове словы, каб растлумачыць, што чалавек купляе і да чаго. З трасянкі пераходзілі на больш дасканалую мову.



«Вось, да прыкладу, маскітную сетку мы назвалі «сеткай ад казурак». У нас на вёсцы «казуркамі» камароў называлі. Таксама людзі часта не ведаюць, што гэта, але пасміхаюцца».

За 20 гадоў спадар Юры здолеў «перавыхаваць» і «пераканаць» да беларускай мовы шмат сваіх супрацоўнікаў. Сярод іх – бухгалтар Наталля Валер’еўна.

«Першапачаткова было вельмі складана, таму што я рускамоўная. Раней у дзяржаўнай установе працавала. Перайшла на беларускую, калі прыйшла сюды працаваць, пад уплывам Юрася. Часам таксама смешна выходзіць. Калі я дыктавала электронны адрас праз тэлефон і вымавіла «слімак», дзяўчына спалохана кінула слухаўку», – згадвае працаўніца.

 

«Аднак не ўсе прадаўцы ў краме па-беларуску размаўляюць. Для нас няма розніцы беларускамоўны ці рускамоўны», – падкрэслівае спадар Юры.

«У нас, як ні дзіўна, адзін рускамоўны чалавек на касе. І нават калі людзі да яго па-беларуску звяртаюцца, ён адказвае, што нічога не разумее. Кажу яму: Сяргей, лепш маўчы. «Не панімаеш» – маўчы. Ён выхаваны ў вайсковай сям’і, якая доўгі час жыла на Далёкім Усходзе. Пры гэтым ён выдатны працаўнік і знаўца сваёй справы. Але, канешне, калі прыходзіць час атрымаць заробак, то ён пераходзіць на беларускую мову. Хіба на прэмію спадзяецца».

На пытанне наконт сённяшніх складанасцяў у вядзенні крамы, спадар Юры адказвае, што эканамічны крызіс і на яго бізнес уплывае ў першую чаргу. У насельніцтва даходы падаюць. Зарабляць атрымліваецца менш, значыць – трэба эканоміць.

«Гэта адчуваецца паўсюды. Чалавек купіць у першую чаргу лекі або ежу, а лазня на фарбу пачакае. Праўда? У бліжэйшыя гады я не бачу паляпшэння. І гэта адчуваю не толькі я. Мае калегі таксама. Часам мы крыху з чорным гумарам жартуем паміж сабой, як будзем узгадваць 2016-год як год дастатку і багацця, казаць, як было добра. Хоць добрым тут яго асабліва не назавеш».

«Асабліва складаны час рынак «Паўднёвы» перажыў мінулай вясной, калі голым стаяў на працягу трох месяцаў. Людзі не выходзілі на працу. Неправамерны ўказ 222. Людзі цяжка гэта ўспрынялі. Усе ведалі, што гэта абсурд. Улады таксама ўспрынялі гэта балюча. Сітуацыя была такая, што яшчэ месяц ці два і заставалася б толькі выходзіць на «Плошчу»», – распавядае бізнесовец.

«На сустрэчы са старшынёй аблвыканкаму, ён у мяне спытаўся, ці выходзіў я на Плошчу ў 2010-м. Я яму так і адказаў: – Калі б яшчэ месяц, то ўжо напэўна выйшаў бы. Не даводзьце да такой сітуацыі, як у 2010-м годзе».

На канец нашай размовы, Юры Генрыхавіч заварыў в’етнамскую каву ў кубачку з беларускім арнаментам і прыгадаў яшчэ адну анекдатычную сітуацыю, якая здарылася ў краме «Юрась».

«Адзін раз прывяла маці дачку, ужо дастаткова дарослую. І яна пытае: – Вы так всегда разговаріваеце? А я да яе так міжвольна кажу: – Заўсёды. Нават у ложку! Пасля толькі сам пачырванеў. Смешна так выйшла».

ПВ, belsat.eu

Стужка навінаў