Самалёт на сонечных батарэях паляцеў вакол свету


«Solar Impulse 2» вылецеў у панядзелак раніцай з Абу-Дабі з двума швейцарскімі пілотамі. Цягам 5 месяцаў лятак пераадолее 35 тысячаў кіламетраў не спаліўшы а ні кроплі гаручага.

Самалёт мае вагу сямейнага аўта і размах крылаў як у найбуйнейшых авіялайнераў – 72 метры. Хуткасць – ад 50 да 100 кіламетраў на гадзіну. За штурвалам на змену будуць кіраваць два пілоты з Швейцарыі, энтузіясты экалагічна чыстых тэхналогіяў – Андрэ Боршберг і Бертран Пікар.

На самалёце ўстаноўленыя 17 тысячаў сонечных элементаў і літыева-іонныя батарэі, патрэбныя для ўтрымання зараду падчас начных пералётаў. Мяркуецца, што найбольш складаным і небяспечным будзе пералёт праз Ціхі акіян, што будзе доўжыцца некалькі дзён – вельмі шмат залежыць ад надвор’я.

На адмысловым сайце можна онлайн сачыць за тым, што адбываецца з «Solar Impulse 2», паглядзець узровень наладавання акумулятараў, стан здароўя пілотаў ды паслухаць перамовы з дыспетчарамі.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары