Самалёт EgyptAir знік з радараў над Міжземным морам. Не выключаюць тэракт


На борце летака, які кіраваўся з Парыжу ў Каір, знаходзілася 66 пасажыраў разам з экіпажам.

Прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд пацвердзіў, што самалёт пацярпеў катастрофу. Тым часам французская пракуратура пачала расследаванне справы, але ніякіх версіяў адносна таго, што здарылася, пакуль не агучвае.


Міністр замежных справаў Францыі Жан-Марк Эро ў аэрапорце «Шарль дэ Голь» заявіў, што не ведае прычынаў меркаванай катастрофы і заклікаў да павагі сваякоў тых, хто аказаўся на борце самалёта.


Ужо восем грамадзянскіх судоў (па стане на 12-ю гадзіну паводле менскага часу) прымаюць удзел у выратавальнай аперацыі ў Міжземным моры.

Егіпецкі міністр грамадзянскай авіяцыі Шэрыф Фатхі заклікаў медыі і людзей не спяшацца з высновамі. Выступаючы на дзяржаўным канале «One TV» ён заявіў:

«На гэты момант гэты інцыдэнт зʼяўляецца знікненнем. У выпадку некаторых аварыяў самалётаў спатрэбіліся гады, каб даведацца пра прычыну інцыдэнту».


Грамадзянаў Беларусі на борце зніклага самалёта не было. Пра гэта ў сваім Twitter паведаміў беларускі МЗС, спаслаўшыся на авіякампанію «Egyptair».

Прадстаўнікі авіякампаніі мяркуюць, што самалёт разбіўся. Рэйс MS 804 страціў сувязь з сістэмаю радыёлакацыйнага назірання ў 02:45 паводле Цэнтральнаеўрапейскага часу.

Прэмʼер-міністр Егіпту не выключыў, што прычынай аварыі мог стаць тэрарыстычны акт.

Паводле некаторых звестак, самалёт упаў у мора побач з паўднёвым грэцкім востравам Карпатас. Такую інфармацыю AFP падала крыніца, звязаная з авіяцыяй Грэцыі.

Самалёт перавозіў 56 пасажыраў, у тым ліку траіх дзяцей, а таксама 10 чальцоў экіпажу. Сярод іх 30 грамадзянаў Егіпту, 15 грамадзянаў Францыі і 10 асобаў з грамадзянствам іншых краінаў.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў