«Самае страшнае – гэта гук». Сведка стыхіі распавядае, як выжываюць падчас ўрагану Ірма


Беспрэцэдэнтны па інтэнсіўнасці ўраган Ірма разбурыў ушчэнт некалькі выспаў у Карыбскім моры, прагуляўся па Кубе, Дамініканскай Рэспубліцы, Гаіці, Пуэрта-Рыка. Каля 300 параненых, каля 30 загінулых, будынкаў амаль не засталося.  Сёння ўночы стыхія адолела штат Флорыда, пакінуўшы 4 млн людзей без электрычнасці. Belsat.eu паразмаўляў з рэдактарам Міжнароднага Карыбскага радыё, што знаходзіцца на выспе, якая цудам ацалела ў суседстве з эпіцэнтрам урагану Ірма.

Інфармацыя ў такіх выпадках – галоўнае, а радыё – ці не адзіны сродак, які застаецца, калі прападае электрычнасць і знікае мабільная сувязь. Жан-Філіп Людон працуе на Міжнародным Карыбскім радыё і ён – адзін з тых, хто больш за ўсіх сачыў за перамяшчэннем урагану Ірма дзякуючы сваім прафесійным абавязкам.

Жан-Філіп Людон, рэдактар Міжнароднага Карыбскага радыё (Radio Caraïbes Internationale)

Загінулых падчас урагану, на шчасце, не так шмат, як прагназавалі ратавальнікі, якія некалькі дзён не маглі дабрацца да пацярпелых на выспах Сент-Марцін, Сент-Бартэлемі, Антігуа і Барбуда, дзе разбурана амаль сто адсоткаў будынкаў. Жан-Філіп распавёў нам, што людзі выратаваліся таму, што мелі ўсе інструкцыі і бездакорна выконвалі іх.

«На Карыбскіх выспах і ў Мексіканскім заліве ўсё насельніцтва добра ведае, што такое цыклон. Яны прыходзяць штогод. На гэты конт ёсць спецыяльныя інструкцыі, і яны не проста так дзесьці існуюць на паперы, іх сапраўды ўсе выконваюць. У апошнія гады людзі добра зразумелі феномен змянення клімату і тое, што ўраганы і цыклоны становяцца ўсё больш інтэнсіўнымі, разбуральнымі. Ірма – гэта было нешта зусім неверагоднае, 360 км/г вецер, мы ніколі такога яшчэ не бачылі».

Што адбываецца падчас урагану магутнасцю 5 з 5

Ураган Ірма нарадзіўся ў Афрыцы і ў падарожжы праз Атлантыку дасягнуў найбольшай магутнасці за ўсю гісторыю назіранняў ураганаў у Атлантычным акіяне

Да Карыбскіх выспаў ураган Ірма прыйшоў са ўсёй сваёй магутнасцю 5 з 5 па шкале магутнасці ўраганаў. Па дарозе да Флорыды цыклон згубіў разбуральнай сілы, але захаваў 4-ю катэгорыю магутнасці. У міжнародных медыях не аднаразова згадваецца пра эфект «пральнай машынкі». Жан-Філіп патлумачыў, што маецца на ўвазе.

«Паўсюль усё лапоча, грукоча, ляціць і закручваецца. Найперш наступае страшны вецер і шум, неўмацаваныя прадметы лятуць і разбіваюць усё, што сустракаецца на іх шляху. А потым рэзка ўсё супакойваецца. Можна выдахнуць, нават можна выйсці на вуліцу, прыкладна на гадзіну з паловай, – так было падчас урагану Ірма. А потым усё ізноў пачынаецца з новай сілай! І ў адваротным напрамку».

Калі за гадзіну да гэтага ўсё круцілася ў напрамку стрэлкі гадзінніку, то зараз круціцца супраць стрэлкі. І калі папярэдняе сховішча выстаяла ў першую частку ўрагану, то абсалютна невядома, ці вытрывае яно адваротную цэнтрыфугу.

«Мала хто пра гэта кажа, але самае страшнае, што нясе цыклон – гэта не вецер і не вада, ад іх можна схавацца. Самае страшнае – гэта гук! Як у фільмах жахаў, калі павінна адбыцца нешта, ставяць фонам такое жудаснае падвыванне – уу–ууу-ууууу. Гэта вось такі шум, але мацнейшы, больш працяглы і яго нельга выключыць. Дадайце да гэтага яшчэ ціск, які падвышаецца, вушы закладвае. І гэты гук становіцца настолькі невыносным, што некаторыя людзі з’язджаюць з глузду. Я ведаю людзей, якія не маглі знайсці сябе ў прасторы доўгі час ўжо пасля таго, як усё скончылася, менавіта ад гэтага гуку».

Бывае, што адзінае месца ў хаце, дзе можна схавацца ад гуку – гэта лазенка. Часцей за ўсё гэта маленькае памяшканне, дзе няма вокнаў, і ізаляванае кафляй. Можна легчы ў ванну, накрыцца чымсьці і казаць сабе «хутка ўсё скончыцца, скончыцца».

«Але ты адчуваеш вецер, вібрацыю і разумееш, што твой дом зараз уздымецца ў паветра. Усё трасецца, і ты амаль фізічна адчуваеш – вось зляцеў дах, і ў хаце гуляе, нішчыць вецер. Аднойчы я апынуўся ў такім становішчы ў ва ўласнай шафе. Сядзіш, абхапіўшы галаву і чакаеш, што зараз або цябе пераверне, або нешта зваліцца зверху».

Што робяць мясцовыя жыхары, калі чуюць пра набліжэнне цыклону

Пасля ўрагану на выспе Сент-Марцін
Фота: Netherlands Ministry of Defense/via REUTERS

Першае, трэба зрабіць, калі набліжаецца стыхія – гэта ўмацаваць свае дамы і вокны ў іх. Напрыклад, прыладзіць цвікамі дошкі да вакон і дзвярэй у форме крыжу, а таксама дадаткова ўзмацніць дах.

«Але ж патрэбна дзесьці пакінуць дзірку, каб праз будынак праходзіла паветра і вецер, іначай шкло можа проста лопнуць, выбухнуць, і гэта небяспечна, бо вострыя аскепкі потым ляцяць ва ўсе бакі з вялікай хуткасцю і могуць моцна параніць», распавядае Жан-Філіп.

У старых дамах на выспах ёсць традыцыйнае памяшканне пад будынкам, якое называецца «пакой ад ветру», куды хаваюцца жыхары дому падчас цыклону. Тыя, хто не маюць такіх памяшканняў, бягуць да суседзяў, або родных, у каго ёсць такое месца. Таксама «пакоі ад ветру» заўсёды ёсць у школах і адміністрацыйных будынках. Жан-Філіп распавядае, што панікі ніколі няма.

«Справа ў тым, што мы ўжо не аднойчы перажывалі гэта, і не важна, што папярэднія цыклоны былі менш разбуральнымі. І нават калі нам кажуць, што ідзе цыклон, што гэта будзе страшна, мы ўспрымаем гэта спакойна. Усе прыгатаванні – амаль на аўтамаце, і ніякай панікі. Але калі ж стыхію адчуваеш ужо зусім блізка, заўсёды, натуральна, страшна».

Салідарнасць з усімі пацярпелымі незалежна ад нацыянальнасці

На выспе Гвадэлупа збіраюць дапамогу для пацярпелых.
Фота: Facebook прэфектуры Гвадэлупы.

Паміж усімі Карыбскімі выспамі існуе старая традыцыя салідарнасці і ўзаемадапамогі, незалежна ад таго, якой краіне належыць выспа. У Карыбскім басейне ёсць французскія, брытанскія, нідэрландскія выспы, ёсць абсалютна самастойныя, як Гаіці або Дамініканская рэспубліка. Калі здараецца бедства, то паўсюль адразу ж пачынаюць працаваць пункты збору сродкаў, дапамогі, арганізоўваюцца групы, каб сабраць ваду, ежу, адзенне, ліхтары, усё, што магчыма, бо відавочна, што ў такіх выпадках людзі губляюць усё.

«Гэта адбываецца заўсёды, без выключэння і незалежна ад дзяржавы. Улады заўсёды дапамагаюць, напрыклад, у нашым выпадку, гэта войска Францыі, што дапамагае з транспартам рэчаў на месца. Нават калі гэта выспы двух розных дзяржаваў, традыцыйна, няма ніякай розніцы, дапамога заўсёды ідзе, нават самыя бедныя даюць нешта ў дапамогу пацярпелым»

Зараз на Марцініке, у Гвадэлупе, на іншых выспах паўсюль стаяць кошыкі і каробкі для збору рэчаў. У супермаркетах робіцца спецыяльнае месца, дзе можна пакінуць сухія харчы.

Будучыня разбураных тэрыторыяў

Брытанскія Віргінскія выспы пасля ўрагану Ірма.
Фота: Caribbean Buzz Helicopters/via REUTERS

Зараз на выспах Сент-МарцінСент-Бартэлемі, Барбуда і Антігуа і іншых разбурана амаль сто адсоткаў будынкаў, няма электрычнасці і мабільнай сувязі, праблемы з транспартам. Гэта мясцовасці, якія жывуць толькі ад турызму, круглы год. Гэта ўлюбёнае месца адпачынку як амерыканцаў, так і еўрапейцаў.

У 1998-м годзе ўраган Луіс таксама панішчыў на сваім шляху ўсе будынкі, парты, гатэлі, аэрапорты. Сент-Марціну і Сент-Бартэлемі пашанцавала мець падтрымку ў выглядзе метраполій – Францыі і Нідэрландаў.

«У мясцовага насельніцтва яшчэ адна рыса – гэта неверагодная здольнасць аб’яднацца прыняцца за працу і ўсё адбудаваць. Цяпер, калі глядзець фотаздымкі, то ўсё выглядае як разбураная безжыццёвая пусташ. Але яны ўжо ўзялі ў рукі рыдлёўкі, цвікі і малаткі, нават не чакаючы ратавальнікаў. Праз нейкі час тут зноў будзе райскі куток», – кажа Жан-Філіп.

Першае, што зрабілі мясцовыя, пакінуўшы свае сховішчы – расчысцілі паласу для самалётаў.

Жан-Філіп параўноўвае гэтую здольнасць да ўзнаўлення яшчэ з адным феноменам, які вельмі значны тут, на Карыбах, але гэта незаўважна на фотаздымках і відэа. Калі праходзіць цыклон, не застаецца ніякай расліннасці, нічога. Дрэвы, якія зрэдку трымаюцца, выглядаюць быццам пасля пажару, пасля бамбардавання, іх лістота і ствалы чорна-рыжага колеру. Але ўжо праз тыдзень пачынае ізноў вырастаць трава, кветкі, а на дрэвах распускаецца новае лісце. Праз месяц расліннасць забірае свае, і ажывае ў поўнай моцы, узнімаецца і квітнее.

Выспа Сент-Марцін, чэрвень 2016 году.

Вераніка Уладзімірава, belsat.eu

Стужка навінаў