Каму перашкодзіў эканамічны каментатар?

Сяргей Чалы падчас свайго эфіру. Фота – TUT.BY

Аляксандр Фядута – пра збіццё Сяргея Чалага.

Збілі Сяргея Чалага.

У нас з ім складаныя асабістыя адносіны пасля 2010 года. Але ён разумны, востры, кеміць лёгка і хутка. Такія людзі на вагу золата. Таму білі па самым каштоўным – па галаве. У надзеі, што прыкусіць і язык – замоўкне хаця б на некаторы час.

Каму перашкодзіў эканамічны каментатар самага наведвальнага інтэрнэт-рэсурсу Беларусі? Верагодна, тым, хто цяпер спрабуе ажыццявіць «эканамічныя рэформы» – без кантролю з боку паўнамоцнага парламента, свабодных судоў, незалежнай прэсы. Распілоўка беларускай эканомікі «паміж сваімі» будзе ажыццяўляцца ў глухой цішыні, па-зладзейску. І калі паўнамоцтваў у парламента пракантраляваць працэс няма і не было ўжо даўно, а суды надзейна трымаюцца выканаўчай уладай за аброць – каб ня сваволілі, не рваліся, куды не трэба – то грамадская думка застаецца, бадай, адзіным, што ўсё яшчэ не да канца падкантрольна «распілоўшчыкам».

У нас мала папулярных эканамічных аглядальнікаў. Чалы, мабыць, сёння – самы пазнавальны. Таму і білі яго напэўна – не да смерці, але да непазнавальнасці. Каб месяцы два-тры не змог сядзець перад відэакамерай. А за гэты час, глядзіш, патрэбны кавалак «фамільнага срэбра», які дастаўся суверэннай Рэспубліцы Беларусь у спадчыну ад памерлага «у бозе» СССР, сыдзе патрэбным людзям. Потым можна будзе, вядома, пляснуць рукамі – маўляў, ай-ай-ай, як жа так атрымалася ?! Але ўсё ўжо будзе аформлена ў дакладнай адпаведнасці з дзеючым беларускім заканадаўствам.

І гэта, на мой погляд, – адзінае ўцямнае тлумачэнне таму, што адбылося ў цэнтры самага бяспечнага горада Еўропы, дзе рэгулярна шпацыруюць самыя шматлікія ў Еўропе патрулі праваахоўных органаў. Проста ў дадзеным выпадку ў дадзеным месцы і ў дадзены час іх не магло быць.

Вопыт нябожчыка Пятра Марцава пераканаў ўладу: бессэнсоўна затыкаць інфармацыйны рэсурс – трэба заткнуць чалавека. І «Хартыя», як бы я да яе ні ставіўся, і «Партызан» прымудраліся і прымудраюцца даносіць сваё меркаванне да чытача ў абыход цэнзурных перашкод. Ёсць людзі, якія ведаюць, як трэба рабіць гэта. І самае надзейнае – заткнуць людзей. Ці зрабіць так, каб яны самі заткнуліся.

Калі ў бліжэйшы час сапраўды будзе якое-небудзь буйное рашэнне аб прыватызацыі дзяржуласнасці, здачы ў канцэсію нетраў альбо выдзяленне вялікага ўчастка зямлі для пабудовы якой-небудзь кіпрска-лацінаамерыканскай фірме з невялікім саўдзелам беларускага капіталу, то мы дакладна ведаем, за што спрабавалі заткнуць Чалага.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў