Самае эратычнае слова ў нашай мове? Прызнанні па-беларуску і без цэнзуры


З нагоды Дня закаханых творчыя людзі Беларусі падзяліліся з Belsat.eu, якія словы роднай мовы для іх найбольш напоўненыя эратызмам.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Сяргей Дубавец, пісьменнік, публіцыст
«Сама беларуская мова эратычная. Эротыка не ў словах, а ў гуках, у інтанацыі, у дыханні. І «беларускі рот» узнаўляе гэта ідэальна, нашмат больш пранікнёна, чым многія іншыя «раты». Беларуская мова нашмат бліжэйшая да прыроды, чым, скажам, расейская. Яна блізкая да шуму дрэваў, спеву птушак, хлюпу ботаў на гразкай дарозе. Таму, натуральна, яна і эратычная».

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Вольга Гарапучык, журналістка «Нашай нівы»
«Я маю два такіх словы. Адно з іх »жарсць« – яно як ніякае іншае тлумачыць тую хімію, якая дзеецца паміж закаханымі. Ёсць у ім нешта такое жывёльнае, што зрывае галаву і агаляе ўсе нашыя інстынкты. Яно апякае, але пры гэтым да яго хочацца вяртацца зноў і зноў. Другое слова – «кахацца». Яно, на маю думку, наадварот узвышае фізічны кантакт, робіць яго ледзь не літаратурным творам, бо вы «ка- ха-е-це-ся». Гэтае слова хочацца расцягваць і смакаваць. Пры гэтым яно вельмі ўзрушвае і не губляе сваёй эратычнасці».

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

Валер Руселік, вядоўца «Белсату»
«Для мяне вельмі эратычнае – слова «смочкі». Тут ёсць і «смак», і «смактаць» – і адначасова пяшчотнае і памяншальна-ласкальнае слова атрымліваецца, як дэталь, малазаўважная рыска. У эротыцы ды сексе для мяне найбольш узбуджальная менавіта пэўная нераскрытасць, недагаворанасць, калі толькі нейкая дэталь выкрывае напаўсхаванае юрлівае жаданне, нібы намёк: «Вазьмі мяне». І гэта ведаеш толькі ты, а іншыя не здагадваюцца нават. Менавіта гэтая дэталь і робіць гэтую напаўсхаванасць дзёрзкім і адначасова шляхетным выклікам. Вось «смочкі» для мяне – з шэрагу гэткіх словаў».

[vc_single_image image=”7″ img_size=”large”]

Наста Шпакоўская, вакалістка, акторка
«Першая асацыяцыя – пяшчота зграй. Першае, што прыходзіць у галаву, калі думаю пра каханне і захапленне…»

[vc_single_image image=”9″ img_size=”large”]

Віктар Марціновіч, пісьменнік, журналіст

«Мне вельмі падабаецца прыметнік «дзявочы» – як нешта, чаго катэгарычна бракуе расейскай мове. Калі ты хочаш азначыць рысу каханай не як жаночую, а як уласцівую менавіта дзяўчыне, расейская мова прапануе каструбаватае слова «девичий», беларуская – болей мілагучнае, як на маю думку, «дзявочы». Што тычыцца эратычнай лексікі, дык вельмі люблю старабеларускае слова «скарбніца», якое з’яўляецца састарэлым сінонімам похвы. Наагул беларуская мова насычаная эратычнай лексікай, што не мае адпаведнікаў у расейскай мове. Там для азначэння інтымных месцаў даводзіцца выбіраць ці то медычнае, ці то вульгарнае слоўца. Параўнайма гэта са «скарбніцай» і замілуемся».

[vc_single_image image=”11″ img_size=”large”]

Валярына Кустава, паэтка, тэлевядоўца
«Наша мова сама па сабе эратычная – яна гнуткая, пругкая, але разам з тым пяшчотная, мяккая, камфортная, мілая слыху і сэрцу. Як на мяне, адным з самых эратычных дзеясловаў у нашай мове ёсць дзеяслоў «лашчыць». Напраўду, ён утрымлівае ў сабе столькі пяшчоты, жарсці, жадання і фантазіі, што, бадай, ужо сваім гучаннем робіць уводзіны ў прэлюдыю… «Хадзі да мяне, хачу цябе лашчыць…». Што тычыцца прыметнікаў, то найбольш узрушвае, як на мяне, на першы погляд сціплы, але насамрэч неверагодна глыбокі эпітэт – «адзіная». Назоўнікаў эратычных у нас стае – комін, стог, сасна… Можна пералічваць бясконца. Беларуская мова – суцэльная эротыка. Ад таго так прыемна і ўзрушальна менавіта на ёй размаўляць у часе любошчаў, прамаўляць самыя таемныя і важныя словы каханаму чалавеку. А часам можна і паэксперыментаваць і паспрабаваць пачытаць улюбёныя вершы, прозу нашых аўтараў у часе акту любові (каб голас не дрыжэў – паспрабуйце, гэта няпроста!)».

[vc_single_image image=”13″ img_size=”large”]

Жанет, спявачка
«Беларуская мова для мяне – паэтычная, само слова – «эратычнае» – зусім не вяжацца ў мяне з гэтай мовай. Беларуская мова – гэта больш песенная творчасць, і перадусім пра Радзіму».

[vc_single_image image=”15″ img_size=”large”]

 Іван Шыла, журналіст
«Калі б я казаў пра секс, я б выкарыстаў слова рух. Я чамусьці падазраю, што беларускі секс ён хуткі, ёмісты, як гэтае слова. Эротыка нешта больш мяккае, тут больш стасункаў, а мне і маёй беларускай мове не хапае практыкі. Скажам, я думаю, што для мяне і маёй умоўнай ідэальнай дзяўчыны слова «котка» магло б быць эратычным. «Кабета» – слова беларускае, але не распаўсюджанае, мне яно здаецца эратычным. Яшчэ мне падабаецца, што ў нас не «грудь», а менавіта «грудзі. І такі зварот – «дзяўчо». «Падыдзі, дзяўчо», – прамовіць шэптам. Ціхая беларуская мова тут вельмі пасуе».

[vc_single_image image=”17″ img_size=”large”]

Кацярына Барушка, журналістка, аўтарка і вядоўца праграмы «54%»
«Самае эратычнае слова – «ласкацень», як ні круці. А яшчэ лепш не круціць, а лашчыць! Слова якое мілагучнае, адмысловае, нашае. З чым асацыюецца ўтылітарны «клітар»? Прамысловасць, анатомія. Клікаць. Тара. Слова «клітар» можна буркнуць, можна надыктаваць, у крайнім выпадку – даследаваць. А нашае слова – натхняе на правільныя дзеянні. Яго прыемна прашаптаць упоцемках, у абдымку. Яго захапляльна абмеркаваць з сяброўкамі. Пра яго прыемна клапаціцца. Не «цёркацень», не «неважнацень», а «ЛАСКАцень». А ласка, яна і жанчынам і мужчынам неабходная. Без яе і секс аднастайны, і пачуцці нетрывалыя».

[vc_single_image image=”19″ img_size=”large”]

Яўген Ліпковіч, блогер
«Сурвэтка. Калі я быў у досыць юным узросце, лічыў, што гэтае слова азначае нешта накшталт жанчыны лёгкіх паводзінаў. Вось да гэтага часу такія асацыяцыі з гэтым словам і захаваліся, нягледзячы на тое, што я ведаю, натуральна, што насамрэч азначае «сурвэтка».

[vc_single_image image=”21″ img_size=”large”]

Вольга Жарнасек, вядоўца «Белсату», аўтарка праграмы «Стыль»
«Для мяне з эратызмам асацыюецца слова «фальклор». Чаму? Бо гэта найбольш разняволеная частка спадчыны, якую нам пакінулі нашыя продкі. Секс там – паўсюдна. Без намёкаў на яго не абыходзіўся ніводны рытуал, а продкі казалі пра яго куды больш адкрыта, чым нават славутая гераіня серыялу «Секс у вялікім горадзе» Кэры Брэдшоў. З аднаго боку – для іх гэта была неабходнасць, працяг роду, а з іншага – яны ставіліся да яго з неверагодным пачуццём гумару. Застаецца толькі зайздросціць і браць прыклад».

[vc_single_image image=”23″ img_size=”large”]

Андрусь Такінданг, музыка
«Я ў адносінах да каханай дзяўчыны выкарыстоўваю слова «ясачка». Я не ведаю адкуль яно ўзялося ў маёй мове. Але само гучанне «ясачка» вельмі адпавядае пяшчотным пачуццям. Мяркую, слова гэта досыць ужывальнае. Яго гучанне падабаецца маёй дзяўчыне, але значэння гэтага звароту яна не ведала. Зрэшты, як і я, проста слова засела ў падсвядомасці і ў патрэбны момант усплыло».

[vc_single_image image=”25″ img_size=”large”]

Святлана Курс, пісьменніца, журналістка
«Сіне-зялёныя водарасці. Не, сурёзна. Для мяне эратычным з’яўляецца той, хто ўмее вымаўляць свісцячыя і шыпячыя як беларус. Пайшло гэта ад курсаў тарашкевіцы Вінцука Вячоркі ў 1990-ых гадах. Беларуская мова сама па сабе для мяне нешта пякельна прыцягальнае, а ўжо з вуснаў інтэлігентнага і стрыманага мужчыны – і зусім мёд».

[vc_single_image image=”27″ img_size=”large”]

Мікіта Недаверкаў, журналіст «Нашай нівы»
«Як бы гэта не гучала, але самае эратычнае слова для мяне – гэта «панчохі». Гэта такі аксесуар, які падкрэслівае прыгажосць жаночага цела. Вось «калготкі» – не тое, а панчохі! Нават гучыць эратычна. У мяне асабіста «панчохі» асацыююцца з фільмамі пра мафію. Я ўяўляю, як мафіёзная групоўка пасля доўгіх перастрэлак прыязджае ў бар, а там чакаюць іх танцоркі ў панчохах, якія скачуць пад рытмічны джаз. Я лічу, што ў панчохах няма нічога вычварэнскага. Гэта проста частка вобразу, іміджу. Я не фанацею ад іх, канешне, але калі гаворка ідзе пра эротыку, то асацыяцыя ўзнікае толькі такая».

[vc_single_image image=”29″ img_size=”large”]

Ганна Любакова, журналістка, лаўрэатка журналісцкай стыпендыі імя Вацлава Гаўла
«Слова «дотык» для мяне вельмі эратычнае. Тут асацыяцыі відавочныя, таму тлумачыць не трэба. Яшчэ калі шмат гадоў таму я чытала «Каласы пад сярпом тваім» Караткевіча, то вельмі моцна ўразіла слова «кувада», значэнне якога я толькі пасля даведалася. Гэта шэраг рытуалаў, калі мужчына імітуе тое, як жанчына нараджае, каб дапамагчы ёй. Слова не зусім беларускае, але было распаўсюджанае ў Беларусі. Вялікае ўражанне на мяне гэта зрабіла. Чамусьці іду ў адным кірунку, але яшчэ слова «цяжарнасць» для мяне вельмі эратычнае. Тут цэлы цуд мужчыны і жанчыны, новага жыцця».

[vc_single_image image=”31″ img_size=”large”]

Алеся Літвіноўская, філолаг, вядоўца курсаў «Мова нанова»
«Самае эратычнае для мяне, хіба што, само слова »каханне« і, натуральна, «каханая»… Недарэмна ж у нас у мове два словы: любоў і каханне. Можна любіць бацькоў, дзяцей, радзіму, а кахаць толькі абранніка/абранніцу сэрца».

[vc_single_image image=”33″ img_size=”large”]

Ніка Сандрас, мастачка
«Мне ўвогуле падабаюцца беларускамоўныя хлопцы. Да іх адразу ўзнікае нейкі давер і прыхільнасць. І беларускую мову я люблю. Нашая мова – вельмі цёплая, добрая. Хлопцы, якія на ёй размаўляюць, надзвычай сексуальныя. Ну і неяк так павялося, што ўсе беларускамоўныя мужчыны вакол мяне – выдатныя сябры, мужчыны якім можна давяраць».

[vc_single_image image=”35″ img_size=”large”]

Адам Глобус, пісьменнік, мастак
«Сакрэт у тым, што для эратычнай гульні кожнага разу варта браць новае слова і з ім забаўляцца».

[vc_single_image image=”37″ img_size=”large”]

Стась Карпаў, дызайнер, публіцыст
«Справа ў тым, што я стаўлюся да слоў утылітарна. Таму эратычнасць маюць для мяне не словы менавіта беларускай мовы. А словы, якія абазначаюць эратычнасць. Слова «мінет» для мяне эратычнае, хаця па-беларуску ці па-ўкраінску яно гучыць аднолькава».

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Стужка навінаў