Макей адказаў Алянду на крытыку бутэрбродаў у Палацы незалежнасці і згадаў фашыстаў


Міністру замежных справаў Беларусі не спадабаўся фрагмент кнігі Франсуа Алянда, дзе той згадвае перамовы «нармандскай чацвёркі» ў 2015 годзе ў Менску.

Украінскі часопіс «Тиждень» апублікаваў фрагменты кнігі былога прэзідэнта Францыі Франсуа Алянда «Урокі ўлады». У адным з іх згадваюцца перамовы па ўрэгуляванню ўзброенага канфлікту на Данбасе, якія праходзілі ў лютым 2015 года ў Менску (Франсуа Алянд быў адным з удзельнікаў перамоваў).

У сваёй кнізе Алянд напісаў, што падчас перамоваў беларускі бок частаваў удзельнікаў «нармандскай чацвёркі» жахлівымі бутэрбродамі, месца правядзення перамоваў (Палац незалежнасці) было бяздушным, а таксама паскардзіўся на тое, што Уладзімір Пуцін спаў у асобным пакоі, а яму разам канцлерам Нямеччыны Ангелай Меркель і кіраўніком Украіны Пятром Парашэнкам давялося спаць у крэслах.

Менск. 11 лютага 2015 г. Перамовы «нармандскай чацвёркі» (Пуцін, Алянд, Мэркель, Парашэнка) у Палацы незалежнасці

На ўсе гэтыя прэтэнзіі міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей адказаў у размове з TUT.BY.

Бутэрброды

Так, не было вустрыц, слімакоў, жабіных лапак, галубоў. Таму, магчыма, спадару Алянду не спадабалася. Але ў цэлым, павінен сказаць, што за содні толькі на харчаванне было выдзелена каля $ 50 000.

«Бяздушны палац»

Мабыць, Алянд меў на ўвазе, што менскі сучасны палац не такі пампезны, як ягоная былая рэзідэнцыя – Елісейскі палац. Ну, прабачце, вядома, у адрозненне ад Францыі, якую фашысты прайшлі менш, чым за месяц, і якая захавала пасля Другой сусветнай вайны практычна ўсе палацы, цэрквы, саборы і іншыя гістарычныя помнікі, Беларусь пасля чатырох гадоў супраціву ляжала практычна ў руінах, як і Менск.

Таму для нас, як бы хто ні ставіўся, гэты палац з’яўляецца сімвалам беларускага суверэнітэту ды незалежнасці і да яго таксама трэба ставіцца з належнай павагаю.

Пакой для Пуціна

Адносна таго, што прэзідэнт Пуцін недзе там адпачываў у асобным пакоі, а астатнім лідарам не былі вылучаныя пакоі, магу сказаць, што ўсім былі прадстаўленыя асобныя памяшканні. Проста камусьці ў Заслаўі, камусьці ў гатэлі, камусьці ў іншым месцы. Мы прапанавалі на некаторы час паехаць адпачыць, але кіраўнікі дзяржаў адмовіліся, сказаўшы, што будуць працягваць перамовы.

Я яшчэ раз паўтару, што палітыкі павінны быць абʼектыўнымі, шчырымі і сумленнымі. Напэўна, у гэтым плане французы, бачачы недахоп гэтых якасцяў у спадара Алянда, зрабілі сваю выснову, а ён, бачачы сваю нізкую папулярнасць у свой час, адмовіўся ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах.

ЮВ, belsat.eu, паводле TUT.BY

Стужка навінаў