Салодкая кроў апазіцыянеркі і сюр у каралеўстве двайніка Лукашэнкі. Фільм пра выбары ў Дагестане

video

Гэтую каўказскую рэспубліку называюць паўднёвай брамай Расеі, а некаторыя мясцовыя жыхары «каменным мехам».

Тут здымалі легендарную савецкую стужку «Белае сонца пустэльні». Напрыканцы 90-ых тут стварылі прататып «Ісламскай дзяржавы» – гэтак званую Кадарскую зону (непрызнаны аўтаномны вахабіцкі анклаў). Тут нарадзіўся былы партнёр расейскай балерыны Анастасіі Валачковай – доларавы мільярдэр Сулейман Керымаў, а кіраўнік гэтай рэспублікі падобны да Аляксандра Лукашэнкі. Вось бадай што ўсё, чым хваляцца дагестанцы, калі да іх прыязджае замежнік.

Панты і вулічнае смецце

Прыблізна а 9 вечара цэнтр Махачкалы, сталіцы Дагестану, ператвараецца ў велізарны аўтамабільны корак.

«Гэта наш Рамазан (Рамазан Абдулатыпаў) едзе дамоў, – распавядае таксіст Магамет. – Тут любяць кідаць панты. Кожны робіць гэта па-свойму. Адныя ездзяць на «Hummerʼах» і «Gelentvagenʼах», а іншыя з «дымком» стартуюць на скрыжаванні на сваёй «Ладзе». «Лада Priora» – самая папулярная машына ў Дагестане. Гэтыя тачкі тут як мясцовая валюта. Цягам гадзіны яе можна набыць, прадаць або памяняць на атару баранаў», – распавядае таксіст, які ўжо два гады возіць кліентаў на кітайскім «Lifanʼе».

Спачатку цябе пагладзяць па галоўцы як барана, а праз хвіліну перарэжуць горла

Каўказскі тэмперамент адчуваецца тут ува ўсім. Мясцовыя кіроўцы махаюць рукамі, сігналяць без перапынку, нібы размаўляюць на сваёй дагестанскай аўтамабільнай азбуцы Морзэ. Яны ездзяць як варʼяты, і пацверджаннем гэтаму можа быць курган разбітых аўтаў на трасе Махачкала-Хасаўюрт (горад побач з чачэнскаю мяжою).

«Чачэнцы, дарэчы, жывуць лепш за нас, – мяркуе Ахмет, які пагадзіўся паказаць мне горны Дагестан. – Кадыраў навёў парадак. Там нармальныя дарогі. У Грозным пабудавалі прыгожую мячэць. Яны даказалі, што маюць права на лепшае жыццё і заплацілі за гэта крывёю. А тут бардак. Міністр ЖКГ правараваўся і ўцёк. Цяпер у Махачкале горы смецця. Паеду працаваць у Маскву. Маладым цяжка знайсці працу».

Ляляціпаў – каўказскі двайнік Лукашэнкі

fotorcreated

Перадайце прывет «бацьку». Ён у вас малойца. Беларусы нам браты. Нашыя выступаюць за беларускую алімпійскую зборную – стандартны набор тэмаў, падчас размовы з дагестанцам, які даведваецца, што я з Беларусі. Мясцовыя жыхары ўпэўненыя, што ў нас дарогі ледзь не мёдам намазаныя, што карупцыі няма і паўсюль расце бульба. Пра Лукашэнку ведаюць амаль усе, каго давялося сустрэць. Яго тут паважаюць за «моцную руку» і «ўменне садзіць злодзеяў». А вось Рамазана Гаджымурадавіча Абдулатыпавасацсетках яго нярэдка клічуць РГА на манер беларускага АГЛ), якога некалькі гадоў таму прызначыў кіраўніком Дагестану Уладзімір Пуцін, называюць папулістам і за пустую балбатню ахрысцілі Ляляціпавым.

Кумаўство і дзяльба федэральных грошай

«Дагестан – датацыйны рэгіён. Але федэральныя грошы не даходзяць да простых людзей. Я шмат гадоў працаў фінансавым аўдытарам і на ўласныя вочы бачыў, як чыноўнікі адмываюць бабкі, – распавядае пажылы рыбак, якога я спаткаў на ўзбярэжжы Каспійскага мора. – Пуціна на іх няма. Ён бы ім тут паказаў. Шкада, што яму цяпер не да нас. Там жа гэтыя яб**ыя хахлы цяпер ягоную кроў смокчуць».

Распавесці на камеру пра свой досвед працы фінансавым аўдытарам мужчына адмовіўся. «Даражэнькі ты мой, я яшчэ пажыць хачу», – усміхнуўшыся, сказаў рыбак.

Перавалачная база Махачкала. Заўтра еду крышаваць у Маскву

У сталіцы Дагестану жыве каля мільёна чалавек. Апошнім часам усё больш маладых людзей прыяжджаюць сюды з горных раёнаў, дзе ўзровень і камфорт жыцця амаль не змяніліся з часоў савецкай электрыфікацыі, а ў некаторых вёсках з часоў заваявання гэтай тэрыторыі Расейскай імперыяй. Горны Дагестан паціху вымірае – даехаць туды цяжка, шмат дзе няма газу, мясцовыя топяць печкі кізякамі (сушаным гноем). Дзеці ходзяць у школу па некалькі кіламетраў або едуць на навучальны год у адмысловыя інтэрнаты.

«У іх тут няма перспектываў. Уяві сабе, што ты жывеш у вёсцы часоў Льва Талстога, а пасля прыязджаеш у Маскву. Ні адукацыі нармальнай, ні прафесіі. Вось такія хлопцы збіваюцца ў стаі і крышуюць сваіх жа», – распавядае кандыдатка ў Дзяржаўную Думу Расеі ад Дагестану Юля Юзік.

14570347_978271482283862_3034686325683761495_n
ghfhfgh

У 2001 годзе Юля прыехала ў Чачэнію, дзе ішла вайна, каб напісаць кнігу пра шахідак. Зрэшты, ў 2016-ым яна сама стала шахідкай, пішуць пра яе недобразычліўцы, дакладней, кандыдаукаю-шахідкай ад праекту былога расейскага алігарха Міхаіла Хадаркоўскага. Ніхто, апроч яе самой не верыў у ейную перамогу ў парламенцкай гонцы. Яна шмат гадоў крытыкавала ў заходняй прэсе Уладзіміра Пуціна і ставіла нязручныя пытанні тым, хто быў адказны з палітыку на Каўказе.

«Я была наіўнаю апазіцыянеркаю, крытыкавала ўладу і гэта не мела ніякага плёну. Цяпер трэба арыентавацца на «тэорыю малых справаў». Колькі можна крытыкаваць… Трэба хоць нешта зрабіць», – казала мне Юля напярэдадні 18 верасня – дня выбараў у Дзяржаўную Думу РФ.

35-гадовая апазіцыянерка дала зразумець кіраўніцтву Дагестану, што не будзе лезці «не ў свае справы», ды спадзявалася, што Масква рыхтуе палітычную адлігу…

Што з гэтага атрымалася – глядзіце ў дакументальным фільме «Юля здабывае Дагестан».

Юрась Высоцкі, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары