Салігорскі суддзя, які штрафаваў апазіцыянераў, знойдзены мёртвым


Сяргей Самуйлік прапаў без звестак тры тыдні таму. Цела суддзі знайшлі ў лесапаласе, – паведамляе прэс-служба Следчага камітэта Беларусі.

15 снежня суддзя пайшоў на працу і не вярнуўся. 11 студзеня яго цела знайшлі ў лясным масіве ля Салігорску. Валанцёры выратавальна-пашуковага атрада «Анёл» і міліцыя шукалі зніклага ў салігорскіх лясах.

Па некаторых звестках на працоўным месцы суддзі знайшлі цыдулку, у якой было нешта, што скіравала пошукі менавіта ў лес. Следчы камітэт зазначае, што смерць мела натуральны характар.

Памерлы суддзя неаднаразова быў сааўтарам адміністратыўных спраў сфабрыкаваных супраць апазіцыйных актывістаў. Дзякуючы яму быў вынесены штраф Уладзіміру Лемешу за «лаянку матам у грамадскім месцы».

З пад яго рукі выйшла пастанова аб буйным штрафе, які атрымаў старшыня Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч «за парушэнне закона аб масавых мерыпрыемствах» (у яго машыне знайшлі ўлёткі).

У 2009 Сяргей Самуйлік разглядаў справу палітпрызыўніка Івана Шылы. Актывіста тады забралі ў войска. Іван Шыла спрабаваў праз суд давесці незаконнасць прызыву. Суддзя прызнаў дзеянні ваенкамата законнымі.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў