Саладуха заспяваў на адной сцэне з жоўтай качкай


Легенда беларускай эстрады стаўся цвіком праграмы на адкрыцці выставы-кірмаша ў Горадні. У барацьбе за ўвагу гарадзенцаў сумесны выступ Аляксандра Саладухі з жоўтай качкай перамог нават зніжкі на тавары шырокага спажывання.

У Горадні выстава-кірмаш пад незвычайнаю назваю «Кряк» працуе ад 26 красавіка, але афіцыйнае адкрыццё адбылося на дзень пазней. Затое  – з Сладухам.

Навошта мне кірмаш, я прыйшоў на Саладуху

На кірмашы можна было набыць розную прадукцыю: ад ежы і да вопраткі. Кірмаш пачынае сваю гісторыю з 2014 году. У Горадні ён праводзіцца ўжо ў трэці раз. Ягоная мэта – рэалізаваць прадукцыю са зніжкай ды папулярызаваць тавары беларускай вытворчасці сярод гарадзенцаў. Кірмаш месціцца на Савецкай плошчы, ды будзе працаваць да 5 траўня.

Аднак, каля 300 асобаў прыйшлі на Савецкую плошчу не дзеля кірмашу, а дзеля бясплатнага канцэрту «гуру» беларускай эстрады – Аляксанда Саладухі. «Навошта гэты кірмаш мне, там даражэй усё, чым у краме. Я Саладуху хачу паглядзець» – цвёрда адказаў пенсіянер Васіль.

«Чужая мілая» ды «Вінаград зялёны» завялі публіку

Артыст з’явіўся з натоўпу пасля афіцыйнага адкрыцця кірмашу ды адразу пачаў спяваць, а падтанцоўваў яму сімвал кірмашу – жоўтае качанё «Кряк». Напрыканцы выступу Саладуха выканаў неўміручыя хіты пра «Вінаград зялёны…» ды «Чужую мілую», а публіка ў адказ узарвалася апладысментамі. А хтосьці нават крычаў «Саня, жгі!» ці «Саладуха, ты мужык!».

Пасля завяршэння выступу Аляксандар Саладуха падзякаваў гарадзенцам за цёплы прыём, прызнаўся ў любові да Горадні ды анансаваў свой наступны канцэрт, які адбудзецца 28 красавіка ў Крупках.

МД, belsat.eu

Стужка навінаў