«Саксафон, сцяг Беларусі, чорны пояс па дзюдо»: касманаўты пра тое, што забяруць на МКС


Члены экіпажа новай місіі МКС распавялі, без чаго не змогуць жыць у космасе.

16 лістапада з касмадрому «Байканур» адправіцца 51-я экспедыцыя на Міжнародную касмічную станцыю ў складзе француза Тамы Песке (Thomas Pesquet), амерыканкі Пэгі Ўітсан (Peggy Annette Whitson) і расейскага касманаўта беларускага паходжання Алега Навіцкага (нарадзіўся ў Чэрвені пад Менскам).

На прэсавай канферэнцыі ў Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына ўдзельнікі экспедыцыі распавялі, што возьмуць з сабой у космас.

«Я вазьму з сабой сцяг Беларусі – гэта сцяг зямлі, дзе я нарадзіўся, вырас, якая дала мне адукацыю, здароўе, якое дазволіла ўвайсці ў атрад касманаўтаў. Магчыма, калі атрымаецца, яшчэ вымпел ці маленькі сцяжок цырка братоў Запашных», – сказаў Навіцкі.

Французскі астранаўт збіраецца ўзяць з сабой саксафон і чорны пояс па дзюдо, каб распавесці дзецям пра ролю баявых мастацтваў у сваім жыцці.

«Вядома, я не збіраюся займацца дзюдо ў космасе, але тым не менш, я хачу з борта расказаць дзецям, пра тое, як гэта цікава і як дапамагло гэта мне ў жыцці», – цытуе француза «Інтэрфакс».

Саксафон імаверна даставяць на МКС адным з грузавых караблёў. Пасля заканчэння 51-ай місіі інструмент можа застацца на борце станцыі.

«Магчыма, я пакіну яго на борце станцыі, каб мае калегі гралі потым на ім», – сказаў Песке.

Капітан экспедыцыі Пэгі Ўітсан не збіраецца абцяжарваць МКС сваім «багажом».

«Улічваючы вопыт касмічных палётаў, я ўжо ведаю, што менавіта мне трэба. Я выключыла ўжо з спісу тыя рэчы, якія, мне, напэўна, не спатрэбяцца. Я думаю, што мой чамадан будзе лягчэй, чым у маіх калег», – сказала яна.

51-я экспедыцыя працягнецца да 30 сакавіка 2017 года, калі касманаўтаў зменіць новая місія ў складзе амерыканца Марка Вэндэ Гэя (Mark T. Vande Hei) і расейцаў Аляксандра Місуркіна і Мікалая Ціханава.

ДД

Стужка навінаў