«Сакрэты ДНР»: Топ-менеджэра расейскай манаполіі падазраюць у шпіянажы на карысць Румыніі


Карына Цуркан з 2012 года кіравала экспартам і імпартам электраэнергіі ў расейскім энергетычным гіганце «Интер РАО».

Зараз яна сядзіць пад арыштам па падазрэнні ў шпіянажы – па некаторых паведамленнях ёй закідаюць перадачу дадзеных пра тое, як Масква пастаўляе электрычнасць у анексаваны Крым і на тэрыторыі Усходняй Украіны, якія знаходзяцца пад кантролем прарасейскіх баевікоў.

Шпіёнка ў сэрцы «энергетычнай звышдзяржавы»?

44-гадовай Цуркан пагражае да 20 год турэмнага зняволення, прычым справу будуць разглядваць у закрытым рэжыме – размова ідзе быццам бы не толькі пра камерцыйныя сакрэты кампаніі, але і пра таямніцы дзяржаўнай энергетычнай палітыкі.

Згодна з інфармацыяй крыніцы расейскага бізнес-парталу РБК, спецслужбы Расеі лічаць, што сябра праўлення «Интер РАО» перадавала замежнай выведцы дадзеныя пра арганізацыю паставак электраэнергіі ў Крым, які Масква захапіла ў 2014 годзе ў Украіны, а таксама ў акупаваныя прарасейскімі баевікамі раёны ўкраінскага Данбасу.

Карына Цуркан. Фота – interrao.ru

«Са Службы вонкавае выведкі прыйшла інфармацыя, што нехта злівае інфармацыю сябру НАТО Румыніі, за якой могуць стаяць ЗША. Гэта была палітычная інфармацыя пра тое, хто з намі працуе ў Украіне, у ДНР, у Крыме і іншых рэгіёнах, куды мы пастаўляем электраэнергію: хто супрацоўнічае, хто адмаўляецца, з кім мы ўвогуле размаўляем, якія ёсць праблемы, якія схемы», – сказаў суразмоўца РБК.

Па словах крыніцы, калі Украіна ў 2014 годзе пагражала адключыць Крым ад электрычнасці, «дачка» «Интер РАО» – ООО «ЦОР» – арганізавала пастаўкі электраэнергіі ў Украіну для транзіту ў Крым. Арганізацыяй гэтай схемы займалася як раз Цуркан, якая ведала ўсе кантакты расейскіх урадоўцаў у Украіне.

Працы на энергетычным аб’екце ў Луганску, 2014 год. Фота – ТАСС

Летам 2015 года Украіна афіцыйна адмовілася аплачваць электраэнергію, якая з Расеі йшла ў так званую «Наваросію» – «ДНР» і «ЛНР». Зараз Расея пастаўляе туды электраэнергію за свой кошт, што можа разглядацца як адкрытая падтрыманне антыўкраінскіх баевікоў.

Грамадзянка якой краіны?

На сайце «Интер РАО» напісана, што Карына Цуркан, якая нарадзілася ў Малдавіі, зараз з’яўляецца грамадзянкай Расеі. Па звестках расейскай прэсы, Цуркан адмовілася ад грамадзянства Малдавіі ў 2016 годзе.

Біяметрычны пашпарт грамадзяніна Румыніі. Фота – wikipedia.org

Аднак пазней Цуркан прызнала сваёй грамадзянкай Румынія – краіна, у супрацы з разведкай якой як раз Масква падазрае свайго топ-менеджара. Па словах міністра замежных спраў Румыніі Тэадора Мелешкана арыштаваная мае «некалькі пашпартоў».

Канцы ў ваду, колы па вадзе

Пасля арышту Цуркан прайшлі вобшукі ў кабінеце намесніка міністра энергетыкі Расеі Вячаслава Краўчэнкі. Вобшук прайшоў і ў хаце намесніка міністра, паведамілі крыніцы. Па дадзеных «Интерфакс», урадовец, які быў толькі што прызначаны ў новы ўрад, можа стаць сведкам па справе Цуркан.

Таксама Цуркан быццам бы ўжо дала паказанні на яшчэ трох высокапастаўленых урадоўцаў у міністэрстве энергетыкі Расеі, з якімі працавала адносна паставак у Крым, «ДНР» і «ЛНР», паведамляе крыніца РБК у спецслужбах.

Згодна з паведамленнямі, Цуркан не прызнае сваёй віны.

«Звышкампанія» у «звышдзяржаве»

«Интер РАО» – гігант расейскага рынка электраэнергіі з капіталізацыяй прыкладна ў $6 мільярдаў і агульнай колькасцю супрацоўнікаў амаль у 50 тысяч чалавек. Яна выпрацоўвае 11 адсоткаў расейскай электраэнергіі і зʼяўляецца адзінай расейскай кампаніяй, якая прадае электраэнергію за мяжу.

Пермская ГРЭС, якая належыць «Интер РАО». Фота – interrao.ru

Фірма пастаўляла энергію ў Беларусь, Фінляндыю, Нарвегію, Украіну, Летуву, Латвію, Эстонію, Польшчу, Грузію, Азербайджан, Казахстан, Манголію, Кітай, анексаваны Крым, непрызнаныя «Паўднёвую Асетыю», «ДНР» і «ЛНР».

У канцы мінулага году паведамлялася, што Беларусь не будзе купляць электрычнасць у «Интер РАО».

Кіруе кампаніяй Барыс Кавальчук – сын магутнага бізнесоўца Юрыя Кавальчука, які знаходзіцца пад санкцыямі як адна з найбольш набліжаных да Уладзімера Пуціна асоба. Раду дырэктароў «Интер РАО» узначальвае магутны Ігар Сечын – па ацэнках газеты «Ведомости» часопісу Forbes з 2009 года гэта другі па ўплыве чалавек у Расеі пасля Пуціна.

Аляксандр Гелагаеў

Стужка навінаў