Сакратар ЦВК для «Белсату»: У апазіцыі чамусьці лічылі, што мы не бяром пад увагу другога туру


Цэнтрвыбаркам прапанаваў правесці выбары раней пад уплывам аргументу апазіцыйных палітыкаў, заўважыў у размове з «Белсатам» сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік.

Паводле суразмоўцы незалежнага тэлеканалу, ЦВК прапанаваў Палаце прадстаўнікоў зацвердзіць 11 кастрычніка як дату выбараў з «палітычнага аспекту»: «Маўляў, 15 лістапада – гэта крайні тэрмін, і атрымліваецца, калі будзе другі тур выбараў, то ён выходзіць за крайні тэрмін правядзення выбараў, то бок другі тур будзе праходзіць пазней, чым за два месяцы да сканчэння паўнамоцтваў дзейснага прэзідэнта», – заўважыў спадар Лазавік.

«Некаторыя палітыкі, у першую чаргу прадстаўнікі апазіцыі чамусьці лічылі: вось Цэнтрвыбаркам агучвае дату 15 лістапада заранёў мяркуючы, што другога туру нават быць не можа», – адзначыў чыноўнік.

На ягоную думку, «адзін з важкіх аргументаў», каб прапанаваць дату на кастрычнік, – гэта тое, каб і другі тур быў праведзены не пазней за два месяцы заканчэння паўнамоцтваў дзейснага кіраўніка краіны. З юрыдычнага пункту гледжання перашкоды не было б і для 15 лістапада, падкрэсліў прадстаўнік ЦВК.

Тое ж, што тэрмін кіраўніка Беларусі Аляксандра скарачаецца на месяц, спадар Лазавік скаментаваў словамі: «Ну, неяк ужо ён перажыве, я думаю».

Аляксандр Лукашэнка 23 чэрвеня заявіў, што Палата прадстаўнікоў 30 чэрвеня на заключным пасяджэнні сёмай сесіі, хутчэй за ўсё, зацвердзіць 11 кастрычніка як дату прэзідэнцкіх выбараў.

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі ў чэрвені прапанавала правесці выбары прэзідэнта 11 кастрычніка, хоць яшчэ ў траўні старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заяўляла, што найбольш аптымальнай датай выбараў прэзідэнта краіны з’яўляецца 15 лістапада.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў