«Сайты, што знаходзяцца ў Беларусі, цяпер у вельмі хісткім становішчы»


 У першы дзень 2015 году ў сілу ўступіў новы Закон аб СМІ, які дае ўладам права заблакаваць любы сайт. Пра тэхнічныя нюансы магчымай блакіроўкі «няўгодных сайтаў» і пра шляхі яе абыходу belsat.eu паразмаўляў з рэдактарам electroname.com Фёдарам Паўлючэнкам.

Улады дасканаляцца ў кантролі над інтэрнэтам

Паводле зменаў унесеных у Закон аб СМІ амаль любы сайт цяпер можна аднесці да сродкаў масавай інфармацыі.  Згодна з новай рэдакцыяй артыкула 51 Закона, абмежаваць доступ да сайту могуць пасля двух пісьмовых папярэджванняў за год ці ў выпадку распаўсюджвання сайтам матэрыялаў, забароненых дзейсным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. За што сайт можа атрымаць папярэджанне – у законе не агаворваецца.

Пагроза блакавання датычыць не толькі беларускіх сайтаў з даменам by, але і ўсіх іншых. Рэдактар сайта electroname.com Фёдар Паўлючэнка ўпэўнены – якія б законы не прымаліся, заблакаваць цалкам доступ да няўгоднага дзяржаве кантэнту не атрымаецца. Проста захады па блакіроўцы навучаць людзей абыходзіць гэтыя перашкоды. Эксперт заўважае, што беларускія ўлады імкнуцца ўдасканальваць спосабы кантролю інтэрнэт прасторы.

Раней найбольш папулярным спосабам «пакласці» сайт было выкарыстанне DDOS-атакаў

Цяпер, кажа Фёдар, калі сайт знаходзіцца за мяжой, на добрым хостынгу, які абараняе ад DDOS-атакаў, улады нічога не могуць з гэтым зрабіць. «Магчыма, і таму, што DDOS-атакі не такія эфектыўныя, як раней, пачалі распрацоўваць усе гэтыя жорсткія законы», – выказвае меркаванне Фёдар.

Праз год беларусы будуць ведаць, як абыходзіць блакаванне Цяпер для абмежавання доступу да сайта беларускія ўлады выкарыстоўваюць блакіроўку па IP-адрасу ці даменнаму імені. У Беларусі ёсць некалькі буйных інтэрнэт-правайдэраў («Белтэлекам», РУП «Нацыянальны цэнтр абмену трафікам», канал «Баснэт» у Акадэміі навук), якія маюць міжнародны доступ. І ім дастаткова заблакаваць на шлюзе доступ да пэўных сайтаў – і чалавек ужо не зможа зайсці на гэтыя старонкі. Асноўная праблема тут, паводле спадара Паўлючэнкі, што большасць людзей не ведаюць, як абыйсці блакіроўку.

Пра ананімайзеры ды проксі зараз ведае толькі невялікая група людзей – тыя, хто добра валодае кампутарам

 «Але з цягам часу людзі навучацца абыходзіць блакіроўку, – перакананы Фёдар. – Вазьміце Кітай, Іран, Сірыю, дзе ўсе гэтыя блакіроўкі ўжо гадамі працуюць, і людзі ведаюць, як іх абыходзіць. Бо людзі хутка вучацца. І ў Беларусі, калі блакіроўка набудзе сурёзныя маштабы, праз год актыўная частка карыстальнікаў будзе ведаць усе гэтыя інструменты».

А інструментаў, кажа Фёдар, шмат. Прасцей за ўсё карыстацца ананімайзерамі, якіх існуе вялікая колькасць, ці звычайнымі проксі, браўзерамі з рэжымам «турба» (напрыклад, Opera мае такі рэжым, браўзеры Яндэкса). Таксама ёсць больш складаныя, але цалкам даступныя спосабы, як абыходзіць блакіроўку – сэрвісы VPN, TOR. «На шчасце, да Кітая Беларусі яшчэ далёка» Кітайскі досвед Беларусь яшчэ, на шчасце, не пераняла цалкам, заўважае спадар Паўлючэнка. У паднябеснай для блакавання непажаданых сайтаў карыстаюцца так званай кантэнт-фільтрацыяй – калі блакуецца доступ да пэўнай інфармацыі, а не ўсяго сайту.

«Можна, напрыклад, задаць словаспалучэнне «Лукашэнка дыктатар», і карыстальнік не ўбачыць тыя старонкі, дзе будуць сустракацца гэтыя словы, – кажа Фёдар. – Такую кантэнт-фільтрацыю не так проста абыйсці звычайнымі спосабамі. Але для Беларусі, дзякуй Богу, гэта пакуль не па кішэні».

«Еўропа мусіць патрабаваць спыніць кантроль над інтэрнэтам»

Да замежных сайтаў улады не маюць фізічнага доступу. А вось тыя, што знаходзяцца ў Беларусі, улада, па-першае, можа пазбавіць даменнага імя, як гэта ўжо зрабілі з «Анлайнерам». «Акрамя таго, любы сайт з любым даменным імем, які знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, можна зачыніць – прыйсці ў дата-цэнтр, націснуць на кнопку і адключыць сервер. Тыя сайты, што знаходзяцца ў Беларусі, цяпер аказаліся ў вельмі хісткім становішчы», – зазначае эксперт.

Фёдар падкрэслівае, што блакіроўка прынясе значныя страты перш за ўсё невялікім сайтам, бо зменьшыцца колькасць наведвальнікаў. Для вялікіх і добра вядомых сайтаў гэта будзе толькі дадатковая рэклама, і людзі будуць шукаць спосабы, як далей на іх заходзіць.

Фёдар лічыць, што ў сітуацыі, калі дзяржава цалкам бярэ пад кантроль інтэрнэт, патрэбная перш за ўсё салідарнасць – журналістаў і карыстальнікаў інтэрнэту. Трэба распавядаць людзям, як абыходзіць блакіроўкі. «Чым больш пра гэта будуць пісаць ці казаць, тым больш людзей навучацца карыстацца ўсімі гэтымі сервісамі, і тым хутчэй улады зразумеюць, што блакіроўкі неэфектыўныя, і што схаваць яны ў сучасным свеце інфармацыю не змогуць. Таксама хацелася б, каб не маўчала міжнародная супольнасць. Бо сітуацыя, што ў нас склалася, ненармальная. І цяпер з боку Еўропы акрамя вызвалення ўсіх палітвязняў, побач мусіць стаяць патрабаванне зняцця ўсіх абмежаванныяў з боку дзяржавы ў інтэрнэце».

А інструменты ўплыву на Беларусь у міжнароднай супольнасьці ёсць – зазначае Фёдар. Напрыклад, амерыканская кампанія «Cisco» прадае «Белтэлекаму» высокатэхналагічнае абсталяванне. ЗША можа забараніць продаж гэтага абсталявання ў Беларусь, пакуль дзяржава не спыніць кантроль над інтэрнэтам. Некалі былі такія забароны продажу праграмнага забеспячэння і абсталявання ў Кітай і Іран.

Данута Бароўская, belsat.eu

Стужка навінаў