Сяргей Бульба раскрытыкаваў беларускае войска
Мінабароны кажа пра «кампанію дыскрэдытацыі ўзброеных сілаў» і скардзіцца на спам з боку Zvarot.by.
Ад 10-й раніцы ў суботу сэрвіс для зваротаў грамадзянаў у дзяржаўныя органы Беларусі Zvarot.by недаступны (да гэтага сайт адчыняўся ў браўзеры). Імаверная прычына блакавання – скаргі з боку Міністэрства абароны.
На сайце абароннага ведамства ўчора з’явіўся тэкст наступнага зместу:
«Паводле інфармацыі службы тэхнічнай падтрымкі функцыянавання інфармацыйных рэсурсаў ўсталявана, што аўтаматызаваная сістэма абароны паштовага сервера Мінабароны выявіла адпраўку вялікай колькасці паведамленняў з аднаго і таго ж электроннага адрасу з выкарыстаннем спецыяльнага праграмнага забеспячэння для рассылання спаму і паведаміла пра гэта глабальны сэрвіс барацьбы з ім «SpamCop».
На падставе паведамлення, «SpamCop» апавясціў правайдару, які падаў хостынг-паслугі для сайта Zvarot.by, з якога адбывалася адпраўка зваротаў, у выніку чаго ўказаны рэсурс быў заблакаваны на час правядзення праверкі.
Акрамя таго, аналіз паведамленняў, якія паступілі з сайту zvarot.by на паштовы сервер Міністэрства абароны, паказаў, што былі пазначаныя неіснуючыя адрасы электроннай пошты адпраўніка і іх рэгістрацыйныя дадзеныя (прозвішча, імя, імя па бацьку і хатні адрас)».
«А вось вам і маленькая кібервайна. Zvarot.by з петыцыяй за адстаўку міністра Раўкова заблакавалі. Толькі чаму беларускае Міністэрства абароны не выявіла такога ж спрыту ў барацьбе супраць фэйку пра высоўванне расейскай танкавай арміі ў Беларусь падчас «Захаду-2017»?» – напісаў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.
Каментуючы скандал са смерцю салдата Аляксандра Коржыча ў вайсковай частцы ў Пячах, міністэрства спасылаецца на вынікі першаснага расследавання, апублікаваныя Следчым камітэтам.
Напрыканцы паведамлення на сайце Мінаабароны гаворыцца:
«Вакол дадзенага здарэння на падставе домыслаў і чутак разгорнутая мэтанакіраваная кампанія па дыскрэдытацыі ўзброеных сілаў».
Петыцыя на Zvarot.by з патрабаваннем адстаўкі Мінабароны пасля смерці Аляксандра Коржыча сабрала больш за 11 тыс. подпісаў.
Глядзіце таксама:
НМ, belsat.eu