Сайт беларускіх журналістаў атакавалі хакеры


Прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў паведаміла, што 18 студзеня на невядомыя хакеры здзейснілі моцную DoS-атаку на сайт асацыяі baj.by. У БАЖы не выключаюць, што звернуцца па дапамогу да праваахоўнікаў.

Увечары 18 студзеня сайт не працаваў. Цяпер праграмісты «паднялі» сайт. Але атака працягваецца.

“Працу сайта ўдалося аднавіць, прымусова закрыўшы некаторыя формы зваротнай сувязі на сайце”, – паведамляе прэс-служба БАЖу.

Як выглядае Dos-атака?

З невядомых ip-адрасоў на сайт масава дасылаюцца памылковыя запыты, у выніку чаго сервернае абсталяванне не вытрымлівае нагрузку.

“Цягам апошняга году dos-атак або якіх-кольвек умяшальніцтваў у працу сайта мы не назіралі. Цяпер з атрыманымі дадзенымі працуюць праграмісты, таму будзем чакаць іх вердыкту”, – кажа прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Паводле прадстаўніка БАЖу,  цяперашняя DoS-атака паходзіць з расейскіх ip-адрасоў. “Хоць гэта можа ні пра што не сведчыць, бо атаку можна скіраваць праз любую краіну”, – дадае Гарэцкі.

Адмыслоўцы ў галіне абароны інфармацыі вылучаюць некалькі прычынаў выкарыстання DoS-нападаў на сайты:

  • асабістая непрыязнасць,
  • забава,
  • палітычная барацьба,
  • нядобрасумленная канкурэнцыя,
  • вымагальніцтва або шантаж.

“Магчыма, нехта вырашыў папрактыкавацца  на нашым серверы. У любым выпадку мы дамо хакерам годны адказ, да якога могуць далучыцца і праваахоўныя органы. Бо за падобныя дзеянні ў Беларусі прадугледжаная крымінальная адказнасць, – падкрэслівае Барыс Гарэцкі.

ВД, belsat.eu

Стужка навінаў