Сабчак заявіла, што Генпракуратура правярае яе выказванне пра Крым


Ксенія Сабчак, якая раней заявіла пра намер балатавацца ў прэзідэнты Расеі, распавяла, што Генпракуратура пачала праверку ў дачыненні да яе выказвання наконт Крыма. Пра гэта Сабчак распавяла ў эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы».

«Ужо ёсць праверка Генпракуратуры, яны расследуюць мае выказванні па Крыме, гэта адбываецца, мы атрымалі афіцыйны ліст», – паведаміла Сабчак.

Яна таксама дапусціла, што яе выказванне пра Крым ўдарыла па яе электаральным рэйтынгу.

«Я разумею, што мой электаральны рэйтынг дакладна вельмі моцна ўпаў пасля майго выказвання па Крыме», – сказала яна, дадаўшы, што «прыйшла казаць праўду і пра тое, што мне здаецца важным».

Сабчак афіцыйна агучыла сваю пазіцыю па Крыме 24 кастрычніка на сваёй першай прэс-канферэнцыі пасля абвяшчэння планаў прыняць удзел у прэзідэнцкай кампаніі. Тады яна сказала, што «з пункту гледжання міжнароднага права Крым – украінскі».

Некалькімі днямі пазней Сабчак прапанавала правесці новы рэферэндум у Крыме. Яна заявіла, што Расея «парушыла свае міжнародныя абавязацельствы», а тое, што адбывалася ў Крыме ў сакавіку 2014 года, «нельга назваць рэферэндумам».

KA. belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары