Сабчак: Крым – украінскі. Кропка


Тэлевядоўца Ксенія Сабчак, якая заявіла пра намер балатавацца на пасаду прэзідэнта Расеі, назвала анексію Крыма парушэннем Будапешцкага мемарандума.

«З пункту гледжання міжнароднага права, Крым – украінскі. Кропка. Пасля гэтага трэба размаўляць », – заявіла Сабчак падчас прэс-канферэнцыі з нагоды вылучэння.

Будапешцкі мемарандум, які гарантуе тэрытарыяльную недатыкальнасць Украіны ў абмен на адмову Кіева ад ядравай зброі, быў падпісаны ў 1994 годзе. Гарантамі цэласнасці Украіны тады выступілі Расея, Вялікабрытанія і ЗША. Уладзімір Пуцін ў 2014 годзе заяўляў, што дакумент страціў юрыдычную сілу, паколькі ў Кіеве адбыўся антыканстытуцыйны пераварот, а пагадненне было заключана з законным урадам.

Украіну Ксенія Сабчак назвала важным партнёрам Расеі, з якім неабходна весці перамовы.

Тэлевядоўца заявіла пра неабходнасць вызначыць спісы асуджаных па палітычных матывах грамадзян Расеі і Украіны, а затым дамовіцца аб іх вызваленні.

Таксама ў ходзе сённяшняй прэс-канферэнцыі Ксенія Сабчак прадставіла членаў сваёй перадвыбарнай каманды.

Сабчак абвясціла, што хоча балатавацца на пост прэзідэнта Расеі18 кастрычніка. Яна назвала сябе кандыдатам «супраць усіх». Ксенія Сабчак, аднак, адзначыла, што здымецца з выбараў у выпадку рэгістрацыі ў якасці кандыдата палітыка Аляксея Навальнага.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары