Саакашвілі заклікаў Парашэнка ўвесці ў Адэсу Нацгвардыю і дадатковыя сілы паліцыі


Кіраўнік Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Міхаіл Саакашвілі заклікаў прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнка ўвесці ў Адэсу падраздзялення Нацыянальнай гвардыі. Пра гэта Саакашвілі заявіў у сваім відэазвароце на Facebook’у.

Саакашвілі заявіў, што начны напад на «антымэрскі майдан» адбыўся «пад прыкрыццём гарадской мэрыі, якая загадзя адключыла ўсе камеры, каб не засталіся сляды».

Губернатар заявіў, што адэская СБУ занятая сачэннем за «камандай рэфарматараў, замест таго, каб займацца справай».

«Мы маем усе прыкметы распаду дзяржавы», – дадаў ён.

Сёння ноччу ў Адэсе з гранатамёта абстралялі банк. Акрамя таго, невядомыя разагналі «антымэрскі майдан» – пратэстоўцы выступілі з патрабаваннем адстаўкі мэра гораду Генадзя Труханава з-за дадзеных з так званага «Панамскага архіву». Каля 4:30 раніцы група мужчын падʼехала на аўтобусе і пачала збіваць ўдзельнікаў мітынгу. Некаторыя мітынгоўцы атрымалі сур’ёзныя траўмы. Паліцыя затрымала пяцярых нападнікаў. У адказ на гэта актывісты заблакавалі мэрыю. Аднак паліцыі ўдалося разблакаваць адміністрацыйны будынак.

Мэр Адэсы Генадзь Труханаў таксама зрабіў заяву адносна начнога разгону, абвінаваціўшы ў сутычцы Саакашвілі. Паводле яго, інцыдэнт зʼяўляецца вынікам «няўмення кіраўніцтва Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі прызнаваць уласныя памылкі».

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў