Саакашвілі – Парашэнку: «Я дапускаў шмат палітычных памылак»


Саакашвілі на "Маршы за імпічмент". Фота -REUTERS/Valentyn Ogirenko

У лісце да прэзідэнта Пятра Парашэнкі экс-прэзідэнт Грузіі, былы кіраўнік Адэскай абласной дзяржадміністрацыі Міхэіл Саакашвілі прызнаўся, што «дапускаў і дапускае шмат палітычных памылак».

Пра гэта заявіў 19 снежня прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Святаслаў Цаголка, перадае «Украінская праўда». Быў апублікаваны і сам ліст.

Ліст Саакашвілі Парашэнку

У дакуменце Саакашвілі ў прыватнасці паказвае на «абсурднасць» абвінавачванняў у супрацоўніцтве з ФСБ у яго адрас.

Паводле слоў прэс-сакратара Парашэнкі, рашэнне апублікаваць ліст было прынята «улічваючы шматлікія запыты журналістаў, а таксама ў адказ на каментары самога Саакашвілі, у якіх ён маніпулюе зместам гэтага ліста».

Згодна з дакументам, Саакашвілі выказаўся за дээскалацыю сітуацыі, паабяцаў не звяртацца да далейшай дэстабілізацыі і прапанаваў перамовы «з упаўнаважаным прадстаўніком».

Лідар партыі «Рух новых сіл» Міхэіл Саакашвілі 18 снежня пацвердзіў, што пісаў ліст прэзідэнту Украіны Пятру Парашэнку з заклікам да дээскалацыі канфлікту і пачатку палітычнага дыялогу.

Як вядома, Саакашвілі затрымалі ўвечары 8 снежня і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Службы бяспекі Украіны. Яму інкрымінуюць ч 2. артыкула 256 – «Садзейнічанне ўдзельнікам злачынных арганізацыяў і ўтойванне іх злачыннай дзейнасці». Генпракуратура сцвярджае, што Саакашвілі дамаўляўся з «бухгалтарам сям’і» Віктара Януковіча Сяргеем Курчанкай аб фінансаванні акцый пратэсту.

11 снежня Пячэрскі райсуд Кіева адмовіўся задавальняць хадайніцтва пракуратуры, якая прасіла для Саакашвілі кругласутачны хатні арышт, і адпусціў яго на час расследавання, не абраўшы яму ніякай меры стрымання.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары