Саакашвілі: «Грамадзянства Грузіі для мяне цяпер азначае шэсць квадратных метраў турэмнай камеры»


Экс-прэзідэнт Грузіі, прызначаны на пасаду губернатара Адэскай вобласці Украіны, патлумачыў, чаму змяніў пашпарт.

«Грамадзянства Грузіі для мяне цяпер азначае шэсць квадратных метраў турэмнай камеры», – цытуе Саакашвілі kommersant.ru, спасылаючыся на грузінскі тэлеканал «Руставі-2».

Дзейны прэзідэнт Грузіі Гіёргі Маргвэлашвілі назваў адмову Міхэіла Саакашвілі ад грузінскага грамадзянства «незразумелым крокам», піша «Грузія онлайн».

30 траўня прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка прызначыў Міхэіла Саакашвілі губернатарам Адэскай вобласці.

Экс-прэзідэнт Грузіі назваў сваё прызначэнне новым шанцам для рэгіёну, «які мае стратэгічнае значэнне не толькі для расейскіх вайскоўцаў або экспансіянісцкіх інтарэсаў, але і для іхнага уласнага ўнутранага менталітэту».

Паводле Саакашвілі, на новай пасадзе ён будзе змагацца перш за ўсё з карупцыяй і злачыннымі групоўкамі.

Летась пракуратура Грузіі выставіла былому кіраўніку Грузіі абвінавачванне, якое датачыць справы ўкрывання забойцы забойцы працаўніка грузінскага банку.

Працаўніка «Аб’яднанага банку Грузіі» Сандро Гіргвліяні знайшлі забітым 28 студзеня 2006 г. на могілках у прыгарадзе Тбілісі пасля сваркі з чыноўнікамі МУС у адным з тбіліскіх бараў.

Адзін з фігурантаў справы, былы намеснік кіраўніка дэпартаменту канстытуцыйнай бяспекі МУС Грузіі Алег Мельнікаў, раней заявіў, што былы прэзідэнт Грузіі ведаў пра дэталі забойства Гіргвліані.

ЮВ, belsat.eu, паводле rustavi2.com, unian.ua

Стужка навінаў