Суд адмовіўся арыштаваць Саакашвілі

Абноўлена

Суд не задаволіў хадайніцтва пракуратуры аб кругласутачным хатнім арышце палітыка экс-прэзідэнта Грузіі і лідара партыі «Рух новых сіл».

Паседжанне адбылося 11 снежня. На рашэнне суддзям спатрэбілася больш 8 гадзінаў.

Паводле народнага дэпутату Юрыя Дзеравянкі, Саакашвілі адчувае сябе добра. Цяпер у судзе з ім знаходзяцца адвакаты.

***

У суд не пускаюць прэсу. Дэпутат разлічвае, што паседжанне зробяць адкрытым, бо «закрыты працэс толькі ў інтарэсах прэзідэнта і ўлады, якая хоча ўкрыць брутальнае парушэнне правоў», заявіў Дзеравянка.

«Гэта расправа канкрэтных маньякаў, якія намагаюцца звесці рахункі, каб прынізіць чалавека», – заявіў ён.

За Саакашвілі гатовыя паручыцца шэраг украінскіх дэпутатаў. Генпракуратура мае намер хадайнічаць пра хатні арышт.

Былога прэзідэнта Грузіі і экс-губернатара Адэскай вобласці затрымалі 5 снежня, аднак ягоныя прыхільнікі здолелі адбіць палітыка ў праваахоўнікаў. На наступны дзень паліцыя прыйшла ў намётавы гарадок да Саакашвілі, дзе ягоныя паплечнікі зноў аказалі супраціў. Затрымаць Саакашвілі атрымалася толькі 8 снежня, пасля чаго яго прывезлі ў ізалятар СБУ. Палітык абвясціў бестэрміновую галадоўку.

Саакашвілі падазраюць у спрыянні злачынным групоўкам. Ён і ягоныя прыхільнікі адкідаюць абвінавачанні і называюць справу сфабрыкаванаю і палітычна матываванаю.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары