Са знакам «эка»: на Захадзе гатовыя пераплочваць за «свойскую» гародніну


Пакуль у Менску выстройваюцца чэргі ў новыя фастфуд-рэстарацыі, нашыя заходнія суседзі ўсё больш пачынаюць цаніць эка-ежу, або тое, да чаго сярэднестатыстычны беларус амаль заўсёды мае доступ: садавіна і гародніна з уласнага лецішча ці з вёскі ад бабулі. У бізнес-цэнтры Варшавы паміж шкляных хмарачосаў знаходзіцца такая гастранамічная «эка-выспа» – БіяБазар са «свойскімі» бульбаю, капустай і яблыкамі.

Сельскагаспадарчы андэрграўнд

Сярод шкляных высотак у цэнтры Варшавы гэтае памяшканне выглядае белай варонаю: іржавыя вароты замест уваходу, вокны – далёка не ўсе з цэлым шклом, а знутры – рэшткі старых камунікацый. Тым не менш, тры разы на тыдзень гэтае месца ажывае: фермеры з ваколіцаў прывозяць сюды сваю прадукцыю. Прылаўкі запаўняюцца цікавымі рэчамі – ад ежы да бытавой хіміі, што не ўтрымліваюць кансервантаў і «хіміі». Словам – тое, чаго не знойдзеш у мясцовых супермаркетах.

«Сённяшняя сельская гаспадарка ўладкаваная такім чынам, што праз высокую канкурэнцыю з боку вялікіх кампаній фермеры часцяком змушаныя вырошчваць тыя віды раслінаў, што патрабуюць як найменшых выдаткаў, – гаворыць актывістка польскай партыі «зялёных» Эва, якая ўжо колькі год прадае яблыкі ды вырабы з іх на БiяБазары. – Але ў нас вы можаце знайсці такія віды яблык, якія вырошчвалі яшчэ нашы прадзеды, бо мы імкнемся захаваць традыцыі. У адрозненне ад звычайных крамаў асартымент у нас змяняецца ад сезону да сезону: сёння мы маем восем відаў яблык, а праз месяц будзе ўжо сямнаццаць».

Каля трох тысячаў варшавякаў кожную суботу прыходзяць на базар і купляюць даволі дарагую, у параўнанні з коштамі ў супермаркетах, садавіну і гародніну. Да таго ж, у апошнія гады людзі сталі часцей звяртаць увагу на тое, каб прадукты мелі сертыфікаты.



««Трэнд і мода на здаровую ежу набіраюць абароты ва ўсім свеце, – зазначае менеджар БiяБазару Агнешка Сатэрнус. – Людзі хочуць ведаць, што яны ядуць, таму давяраюць толькі таварам з адпаведнымі сертыфікатамі. БiяБазар адпавядае гэтым чаканням, бо мы маем вельмі жорсткія патрабаванні да сертыфікатаў. Акрамя таго, мы працуем увесь год без перапынкаў, і нашыя кліенты могуць цешыцца свежымі і экалагічнымі харчамі незалежна ад сезону».

Базар vs супермаркет

БіяБазар у Варшаве працуе ўжо сем гадоў. Але далёка не заўсёды гэтае месца цешылася папулярнасцю. Напачатку многія людзі ўспрымалі ідэю базару як рэха сацыялістычнага мінулага ці асацыявалі з кітайскай прадукцыяй нізкай якасці. Спатрэбіўся час, каб сітуацыя змянілася.



«Калі мы толькі пачыналі, – працягвае Агнешка Сатэрнус, – з намі працавалі 30 вытворцаў, і з цягам часу гэтая колькасць толькі змяншалася. Адна з прычынаў – недавер людзей да базараў. Як ні круці, гадоў пяць таму большасць людзей аддавалі перавагу закупам у супермаркетах. Сітуацыя змянілася сама сабою: купляць эка-прадукцыю стала папулярна. Цяпер кожны працоўны дзень да нас прыходзяць некалькі тысячаў кліентаў».

Проста з саду – на базар

Роберт ды яго жонка таксама адчулі рост папулярнасці экалагічных прадуктаў, і два гады таму вырашылі аднавіць сямейны бізнес:

– Мы прадаем выпечку ды іншыя слодычы, якія цалкам арганічныя. Ідэя з’явiлася каля 15 гадоў таму, але ў той час не было попыту на падобную прадукцыю. Таму мы былі вымушаныя закрыць бізнес. Цяпер усё інакш – людзі ахвотна купляюць нашыя вырабы і гатовыя плаціць за іх трошку больш.



Каб стрымаць кошты, БiяБазар прыбраў пасярэднікаў у ланцужку продажу: фермеры самыя прыязджаюць на рынак і прадаюць сваю прадукцыю. Але канкураваць з супермаркетамі за кошт цэнаў усё роўна не атрымліваецца: маленькая бутэлечка сапраўднага яблычнага соку (а не разбаўленага вадою канцэнтрату соку, як на паліцах крамаў) каштуе ажно 5,50 злотых (Br 25 тыс), дзясятак яек ад кураў з уласнага падворку каштуе больш як у два разы даражэй, чымся ў краме – 12 злотых (амаль Br 55 тыс). Але сюды пакупнікі прыходзяць не дзеля коштаў.

– Я прыйшоў сюды, каб купіць гародніны, яйкі ды мяса, – кажа Тоан, які прыехаў у Польшчу з В’етнаму. – Разумею, што заплачу за гэтае ўсё больш, чым у супермаркеце, але затое ж гэта будуць свежыя ды экалагічныя прадукты.

Юлія Ільюк, Наста Сівец для belsat.eu

Стужка навінаў