Рыцары, «НЕvesta», бруд і спёка… Як прайшлі аўтабаі пад Горадняй?

photo

У аўтаспаборніцтвах на выжыванне прынялі ўдзел 12 гульцоў з Горадні, Пінску, Слоніма і Баранавічаў.

Аўтамабілі ў стылі «Шалёнага Макса» хутчэй аддалена нагадвалі тыя мадэлі, з якіх некалі былі зробленыя: «Волгу» 1960-ых гадоў выпуску або «Рэно-25». Рухавік і змесціва, а таксама непаўторны цюнінг найчасцей з’яўляліся плодам фантазіі кіроўцы і механікаў.

Што ў цябе засталося ад Рэно? – спытаўся аднаго з удзельнікаў вядоўца.

Ну… Назва. І гаспадар, – з усмешкай адказваў «гладыятар».

У кожным раўндзе перамагаў кіроўца, які апошнім застаўся на хаду, пасля таго, як ягоныя супернікі выкінулі белыя сцяжкі капітуляцыі. Найбольш распаўсюджаныя паломкі падчас баёў: выбітая цяга ці колы. У адным аўто разарвала радыятар, пры гэтым, апёкшы кіроўцу.

Вонкавае афармленне машынаў – асобная гісторыя. Сярод надпісаў, апроч рэкламы сяброўскіх крамаў аўтазапчастак, маса матывацыйных лозунгаў: «Победа за нами!», «Помять и простить», «До свадьбы НИ-НИ» ды інш. Дарэчы, апошні надпіс быў нанесены на аўто пад нікам «НЕvesta», аформленай у вясельным стылі: белыя сцягі, такая ж беласнежная кашуля на кіроўцы, імітацыя кольцаў ды … «Савецкае шампанскае».

Перад прысутнымі, нягледзячы на страшэнную спёку, у перапынку выступілі таксама рыцары з мясцовага клубу рэканструкцыі. Праўда, баі адбываліся даволі млява, што цалкам лагічна, улічваючы кілаграмы металу на кожным з байцоў пад нястомнымі праменямі ўльтрафіялету.

Рыцар клуба “Арыдан”. Горадня 19 жніўня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Мінулагодні пераможца аўтабаёў, Мікалай Верамеенка, нечакана выбыў з гонкі прыкладна за гадзіну да фіналу. Сёлетнімі ж пераможцамі сталі Мікалай Журовіч ды Валер Шайтанаў.

Усе фотаздымкі

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары