«Рыхтую скаргу ў Канстытуцыйны суд». Журналістаў «Белсату» Вольгу Чайчыц і Сяргея Кавалёва зноў аштрафавалі


фота з Facebook Вольгі Чайчыц

Карэспандэнтку «Белсат» Вольгу Чайчыц і аператара Сяргея Кавалёва ў чарговы раз пакаралі буйным штрафам.

Суд Цэнтральнага раёна Менску і суддзя Іван Касцян прызналі «белсатаўцаў» вінаватымі ў «незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ» і прызначыў штраф – па 35 базавых велічыняў кожнаму (805 рублёў).

Паводле гэтага артыкулу – 22.9 КоАП – Вольгу Чайчыц судзяць ужо сёмы раз за бягучы год. Гэтым разам – за стрым з акцыі пратэсту «Марш раззлаваных беларусаў 2.0», які прайшоў у Менску 21 кастрычніка.

Сяргей Кавалёў асвятляў акцыю разам з Вольгай у якасці аператара. На сённяшнім паседжанні Кавалёў не прысутнічаў.

Вольга ж распавяла, што, хутчэй за ўсё, не збіраецца абскарджваць канкрэтна гэтае рашэнне, а рыхтуе вялікую скаргу ў Канстытуцыйны суд.

«Я буду скардзіцца агулам на ўсе выпадкі, калі мяне судзілі за маю працу. Бо ўсе гэтыя штрафы парушаюць мае права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю, гарантаванае мне Канстытуцыяй», – кажа журналістка.

Нагадаем, толькі за бягучы год колькасць адміністратыўных справаў, распачатых у дачыненні да незалежных журналістыў, у тым ліку фрылансераў, якія рабілі сюжэты для нашага тэлеканалу, перавысіла 85.

Нягледзячы на ціск уладаў, журналісты «Белсату» працягваюць працаваць для вас.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары