Рыхтаваўся да школы, а трапіў у сацыяльны прытулак: у самотнай маці забралі дзяцей


Ад трагедыі ўсёй краіны ў мінулым да сумнай гісторыі асобна ўзятай беларускай сям’і – сёння. Самотная маці ў вёсцы Сцеркава пад Лідай выхоўвала двух дзяцей, старэйшы сын сёлета рыхтаваўся да школы. А трапіў разам з малодшым братам у сацыяльны прытулак.

Больш за 6 год спадарыня Тэрэса жыве ў гэтым дамку са сваім дзецьмі. Спачатку сям’я здымала пакой у дамку, а пасля смерці гаспадыні яны засталіся тут стала.

Некалькі гадоў таму сям’ёй зацікавіліся сацыяльныя службы. Бацька дзяцей меў праблемы з алкаголем і ў хату часта выклікалі міліцыю. З-за гэтага сям’ю паставілі на ўлік і дадалі статус «сацыяльна небяспечнага становішча». У жніўні гэтага года да спадарыні Тэрэсы нечакана прыйшла праверка з сацыяльных службаў.

Па выніках праверкі чынавенства прызнала ўмовы пражывання небяспечнымі для дзяцей і пастанавіла забраць іх у сацыяльны прыют. Суседзі ж як могуць дапамагаюць гаротнай маці і шчыра не разумеюць за што з ёй так абышліся.

Амаль кожны дзень спадарыня Тэрэса наведвае сваіх дзетак. Маленькі Дзяніс пакуль не разумее, што адбылося і думае, што прытулак – гэта дзіцячы садок. А вось старэйшы Лёша ў адказ на пытанне ці хоча дадому толькі плача.

Пра гэту сітуацыю даведаліся праваабаронцы. Дзеянні ўлады ў даным выпадку трактуюцца як звычайнае бесчалавечнае бязмежжа.

Сацыяльныя службы ўпэўніваюць – вярнуць дзяцей можна. Але трэба вярнуцца жыць па месцы прапіскі. Толькі вось па месцу прапіскі жыве першы муж спадарыні Тэрэсы, які да гэтых дзяцей не мае ніякага дачынення. Да і ўмовы там не лепшыя.

Да таго ж у кватэры няма вады – калодзеж на вуліцы. Прыбіральня таксама на вуліцы і хутка разваліцца. Ды і дохлыя мышы перад домам таксама красамоўнае сведчанне таго, што жыць з дзецьмі тут нельга.

Цяпер сацыяльныя службы вымушаюць спадарыню Тэрэзу вярнуцца жыць на месца прапіскі, у іншым выпадку яе пазбавяць бацькоўскіх правоў. Пытанняў у гэтай гісторыі застаецца шмат, але галоўнае з іх – органы апекі ў нашай краіне аказваюць людзям дапамогу ці здольныя толькі да карных метадаў?

Стужка навінаў