Рыгор Астапеня: Беларусь не выкарыстала магчымасцяў, якія прыносіла інтэграцыя з Расеяй

video

1

2 красавіка 1996 г. Беларусь і Расея падпісалі дамову пра «Садружнасць», пачалося стварэнне саюзнай дзяржавы. Наколькі гэта была патрэбна Беларусі? Вынікі 20 год інтэграцыі Беларусі і Расеі падсумоўваем з Рыгорам Астапеням, дырэктарам па развіцці Цэнтру Астрагорскага, рэдактарам онлайн-часопісу «Ідэя».

– Наколькі гэты саюз аказаўся патрэбным для Беларусі?

– Саюзную дзяржаву нельга выдзяляць з усяго кантэксту беларуска-расейскіх дачыненняў. І калі казаць пра інтэграцыю Беларусі і Расеі, то для нас яна стала паспяховай, бо Беларусь мае доступ да танных энерганосьбітаў і велізарнага расейскага рынку. Але ёсць і мінусы – Беларусь не здолела выкарыстаць магчымасці, якія давала гэтая інтэграцыя. Мы не накіравалі расейскія грошы на развіццё эканомікі і высокіх тэхналогіяў.

– Адмовіўшыся ад інтэграцыі ў заходнім кірунку, Аляксандр Лукашэнка здзейсніў цывілізацыйны выбар. Якія наступствы гэтага выбару шлейфам цягнуцца за Беларуссю? Ці магло быць лепш?

– Магло быць і лепш, але гэта пытанне выканання. Малдова, напрыклад, абрала шлях еўраінтэграцыі, але робіцца гэта дрэнна. Пытанне не ў шляху, а ў тым, што ў галовах выканаўцаў.

– Ці была ўвогуле магчымасць развівацца на расейскія сродкі?

– Я не думаю, што Пуцін ці Ельцын былі б супраць, калі б Аляксандр Лукашэнка праводзіў эканамічныя рэформы ў Беларусі.

– Як крызіс у расейскай эканоміцы можа паўплываць на гэтак званую Саюзную дзяржаву і на развіццё адносінаў Беларусі і Расеі?

На фота: прэзідэнт Расеі Барыс Ельцын і Аляксандр Лукашэнка падпісваюць дамову аб стварэнні супольнай дзяржавы

– І Беларусь, і Расея будуць рабіць усё, каб абмежаваць інтэграцыю, паколькі яны ўводзяць усё больш пратэкцыянісцкіх мераў. І ўвогуле гэтыя інтэграцыйныя працэсы зʼяўляюцца сімуляцыяй. І гэта добра бачна на прыкладзе Беларусі, калі ў шмат якіх сферах Беларусь умацоўваецца як дзяржава. Калі параўнаць 1996 і 2016 гады, то можна казаць пра зусім іншую медыйную сітуацыю. Тады ў нас быў адзін тэлеканал, а цяпер – пяць. 20 гадоў таму беларускае войска было фактычна часткай расейскага, а цяпер больш незалежнае – беларуска-расейскае. З гэтым можна спрачацца, але прагрэс ёсць.

– Ці ў стане выжыць Беларусь без Расеі?

– Калі будуць ідэі, планы ды стратэгіі, як пабудаваць эканоміку, то дамо рады і без Расеі.

Калі хочаце ведаць, чаму Пуцін байкатуе апошні ядравы саміт Оўбамы; як Расея займаецца ядравым шантажом; чаму згортваюць стыпендыяльную праграму «Каліноўскага» – глядзіце «Прасвет» з Дзмітрыем Гурневічам.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары