«Русский мир» у Віцебску: жарсці вакол помніка Аляксандру Неўскаму

video

На пытанне, што рабіў Аляксандр Неўскі ў Віцебску, існуе некалькі варыянтаў адказу. Паводле адной версіі, князь вянчаўся ў віцебскай Дабравешчанскай царкве. Паводле іншай – проста праязджаў праз горад у Полацк, адкуль узяў жонку. Ніводная з версіяў дакументальна не пацвярджаецца, але даўнюю ідэю ўсталяваць у горадзе помнік расейскаму князю ўсё адно зрэалізавалі.

Віцябляне да ўсталявання помніку на плошчы Тысячагоддзя паставіліся станоўча, але пра Неўскага ўяўленне маюць пераважна цьмянае ці памылковае.

«Гэта даніна павагі з боку Беларусі братэрскай краіне», – тлумачыць мясцовая жыхарка.

«Царква прысвечаная яму, ён яе заснаваў, браўся шлюбам, і ён жа зʼяўляецца заснавальнікам нашага гораду», – упэўненая віцеблянка.

«Цудоўна, што адчыняюцца новыя помнікі, іду на адкрыццё, узяў з сабою малых», – дзеліцца мужчына.

Падтрымаць расейскага князя на адкрыццё помніку прыехалі нават прадстаўнікі церскага казацкага войска з Каўказу.

«Станоўча стаўлюся, гэта ваяр, наш абаронца быў, а мы, казакі, заўсёды былі абаронцамі айчыны, так», – даводзіць мясцовы казак.

Ідэя ўсталяваць помнік Аляксандру Неўскаму належыць мясцовай «вертыкалі». У адказ на пратэсты віцяблянаў праз адсутнасць гістарычных сувязяў паміж Віцебскам і расейскім князем чыноўнікі прыдумалі аргумент. Маўляў, гэта помнік сямʼі, а не князю, і ў будучыні побач пабудуюць ЗАГС.

«Беларусі, бачыце, за ўсю яе гісторыю не было нікога хто быў бы здатны ўвасобіць ідэю шчаслівай сямʼі толькі замежнік Аляксандр неўскі ўнук хана батыя. Гэта не тое што непісьменнасць нейкая, гэта дзікунства абсалютнае», – абураецца рэжысёр-дакументаліст Уладзімір Халіп.

Пляцоўку для помніку таксама абралі знакавую – Аляксандр Неўскі стаіць ля Дабравешчанскае царквы, акурат на месцы Фарнага касцёлу, узарванага бальшавікамі. Уладзімір Халіп мяркуе, што ідэя з помнікам – хутчэй загад Масквы, чымся звычайная непісьменнасць мясцовых чыноўнікаў.

«Гэта акт агрэсіі «русского мира» у дачыненні да Беларусі. Гэта тое што было напачатку захопу Крыму, калі яны прыдумвалі казкі што тут быў нейкі рускі князь», – запэўнівае Уладзімір Халіп.

Самасвядомасць людзей выхоўваецца, між іншага, і на помніках. Падобна, што чужы беларусам Аляксандр Неўскі пакуль перамог у змаганні з Міхаілам Панцырным і Сцяпанам Аверкам, якія стварылі вядомы летапіс Віцебску – магчымымі героямі помніку. Ці з нашымі сучаснікамі, якія маюць дачыненне да Віцебшчыны – Васілём Быкавым ці Рыгорам Барадуліным.

Ірына Дарафейчук, «Белсат», фота – naviny.by

Глядзі таксама
Каментары