Russia Today пазбавілі акрэдытацыі пры Кангрэсе ЗША


Журналістаў расейскага канала Russia Today пазбавілі акрэдытацыі пры Кангрэсе ЗША, паведамляе Voice of America.

Такое рашэнне было прынята камітэтам, які кіруе доступам журналістаў да Кангрэсу, пасля таго як RT быў зарэгістраваны на тэрыторыі ЗША ў якасці замежнага агента згодна з законам аб рэгістрацыі замежных агентаў.

Закон прымяняецца да людзей або кампаніяў, якія распаўсюджваюць інфармацыю ў ЗША ад імя замежных урадаў, палітычных партый і іншых «замежных кіраўнікоў».

Амбасадар РФ у ЗША Анатоль Антонаў заявіў, што пазбаўленне карэспандэнтаў RT акрэдытацыі пры Кангрэсе ЗША – «несяброўскі крок Вашынгтона, падрывае двухбаковыя адносіны і сведчыць пра тое, што наяўнасць статусу замежнага агента перашкаджае працы СМІ», перадае ТАСС.

Нагадаем, нядаўна прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падпісаў закон аб статусе замежнага агента для СМІ ў адказ на «прыгнёт» RT і расейскіх «Спутніка» у ЗША.

Міністэрства юстыцыі ЗША звярнулася да расейскай тэлекампаніі RT, раней Russia Today, з прапановай зарэгістраваць амерыканскае аддзяленне вяшчання як «замежнага агента».

У апублікаванай у студзені справаздачы амерыканскіх спецслужбаў гаварылася, што Расея ўмяшалася ў прэзідэнцкія выбары 2016 года. Асобна ў гэтай справаздачы згаданы тэлеканал RT, які адмыслоўцы лічаць «галоўным інструментам міжнароднай прапаганды Крамля».

КА, belsat.eu

Стужка навінаў