Рускія, бандэрыкі і шляхецкія…


Сярод прадуктаў у беларускіх крамах найбольш «ідэалагізаванымі» аказаліся пельмені ды варэнікі.

Пельменямі з назваю «Русские» ды «Русские народные» нікога не здзівіш, улічваючы гісторыю самой стравы і яе шлях у Беларусь. Стылістку «рускіх» пяльменяў, што цікава, падтрымліваюць і беларускія вытворцы, напрыклад, Слонімскі камбінат.

Культурным шокам, у пэўным сэнсе, можна лічыць «Шляхецкія» пельмені, падпісаныя па-беларуску ды аформленыя ў рэтра-стылі: калі беларуская шляхта і магла дзе паспрабаваць пяльмені, то найбольш імаверна ўсё ж такі ў высылцы ў Сібіры… А вось клёцкі «Панские», зыходзячы з тых жа гістарычных рэаліяў, гучаць куды больш адэкватна.

Асабліва экзатычна, улічваючы ўвесь накал інфармацыйнай вайны, у халадзільніках беларускіх супермаркетаў выглядаюць украінскія «Бендерики» адэскай вытворчасці. Бяскрыўдныя трохкутнічкі з мясам, нацыянальнае ўкраінскае блюда, дзякуючы ёмістай назве зараз выклікаюць у спажыўца ўстойлівыя асацыяцыі.

Можна толькі здагадвацца, ці застануцца без увагі расейскіх СМІ беларускія варэнікі «Тарас Бульба» ды берасцейскія пельмені з модным нацыянальным арнаментам. Інфармацыйная вайна ж, вядома, справа тонкая.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў