Рух «За Свабоду» распачаў збор подпісаў у падтрыманне «Белсату»


У заяве, прынятай 17 снежня на Радзе арганізацыі, гаворыцца, што Рух сурёзна занепакоены інфармацыяй пра магчымае істотнае скарачэнне вяшчання тэлеканалу «Белсат» і пераводзе яго на расейскую мову.

«Белсат» – адзіны беларускамоўны тэлеканал, які прадстаўляе праўдзівую і аб’ектыўную інфармацыю і з’яўляецца выдатным узорам салідарнасці палякаў і беларусаў, заснаваны на ідэалах свабоды і дэмакратыі спрыяе збліжэнню беларускага і польскага народаў і выбару беларусамі еўрапейскага шляху развіцця», – сказана ў заяве.

«Белсат» – важны інструмент у супрацьстаянні агрэсіўнай расейскай прапагандзе ў Беларусі, лічаць у Руху «За Свабоду».

«Рух «За Свабоду» звяртаецца да польскага ўраду і народу з заклікам захаваць тэлеканал і ягоны фармат. За нашу і вашу свабоду!» – заключыла Рада Руху.

Арганізацыя распачала збор подпісаў у падтрыманне тэлеканалу. Свой подпіс можна паставіць у офісе Руху «За Свабоду» ў працоўныя дні па адрасе: Менск, праспект Незалежнасці 80/73.

Ахвотным паставіць свае подпісы ў рэгіёнах спадар Губарэвіч раіць скантактавацца з рэгіянальнымі прадстаўнікамі Руху, кантакты да якіх можна знайсці на інтэрнэт-старонцы аб’яднання.

«Мы мяркуем, што ў зборы подпісаў найлепш непасрэдна кантактаваць з людзьмі, а не ствараць электронныя петыцыі, – сказаў у каментары Belsat.eu старшыня Руху »За Свабоду« Юрась Губарэвіч. – Праўда, мы плануем змясціць у інтэрнэце бланкі дзеля збору подпісаў, каб кожны ахвотны мог іх спампаваць, сабраць подпісы і пазней выслаць нам».

Сабраныя подпісы Рух плануе выслаць у Міністэрства замежных справаў Польшчы, Сейм ды польскі ўрад.

ДР, Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў