Рух Маці 328 абʼядноўваецца з апазіцыяй


Маці асуджаных за наркотыкі ўпэўненыя, што міліцыя толькі імітуе барацьбу з распаўсюдам. Палітыкі і праваабаронцы лічаць што не можа быць справядлівых прысудаў у судах залежных ад уладаў. Ініцыятары стварэння грамадскага аб’яднання «Рух маці 328», прадстаўнікі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД), Руху за Свабоду і Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП), правялі ў Менску круглы стол каб абʼяднацца супраць прававога бязмежжа.

Разам – на абарону несправядліва асуджаных

Магчымасці супрацы палітычных партыяў, праваабарончых і грамадскіх аб’яднанняў у змаганні супраць жорсткіх прысудаў абмеркавалі ўдзельнікі круглага стала «Як спыніць прававое бязмежжа ў Беларусі. Артыкул 328 КК РБ». Вынікам працы стала запланаваная супольная грамадская кампанія.

Праз месяц мы рыхтуем вялікую канферэнцыю прысвечаную рэформе судовай сістэмы і абароне ўсіх незаконна асуджаных у тым ліку па артыкуле 328. Пасля пачнецца кампанія па зборы подпісаў пад патрабаваннем да органаў дзяржаўнай улады перагледзець усе справы ад 2012 да 2016 году», – распавёў аб планах супрацы Віталь Рымашэўскі, сустаршыня БХД.

«Той, хто не сутыкаецца і думае, што не сутыкнецца – гэта не так»

Указ Лукашэнкі «Аб неадкладных мерах супрацьдзеяння незаконнаму абарачэнню наркотыкаў» дзее з пачатку мінулага года як рэакцыя на рост злачыннасці ў 2014-м. Тады з прычыны ўжывання сінтэтычных наркотыкаў, гэтак званых спайсаў, пачасцілася падлеткавая смяротнасць. Указ узмацніў пакаранне паводле артыкулу 328 – за нарказлачынствы: адказнасць настае з 14-ці гадоў, тэрмін пазбаўлення волі – да 25-ці гадоў.

Родныя асуджаных за распаўсюд наркотыкаў не згодныя з жорсткімі прысудамі, часта несправядлівымі.

«Перш за ўсё мы хочам данесці праблему да грамадскасці. Бо той хто не сутыкаецца і думае што не сутыкнецца – гэта не так. Нашыя дзеці гэта нашая моладзь, яны максімалісты, яны чагосьці хочуць, чагосьці дасягнуць, чагосьці паспрабаваць», – зазначыла Ларыса Жыгар, старшыня ініцыятыўнай групы Руху Маці 328.

Вінаватыя МУС і КДБ, а не падлеткі

Жанчыны, што пакуль безвынікова спрабуюць зарэгістраваць грамадскую арганізацыю «Рух маці 328», з уласнага досведу ведаюць, што пад выглядам распаўсюднікаў часта судзяць спажывальнікаў наркотыкаў, не маючы пераканаўчых доказаў і ў закрытым рэжыме. Палітыкі ж адзначаюць, што праз адсутнасць незалежнай судовай сістэмы жорсткі прысуд можа напаткаць кожнага.

«Сёння нібыта за наркотыкі можа быць асуджаны любы грамадзянін РБ, дастаткова супрацоўніку падкінуць вам некалькі міліграмаў марыхуаны і вам дадуць 10-11 гадоў вязніцы нават калі вы няпоўнагадовы грамадзянін Беларусі», – патлумачыў Віталь Рымашэўскі.

Апроч збору подпісаў за перагляд старых справаў, у межах кампаніі арганізатары плануюць патрабаваць адкрытых судоў за распаўсюд наркотыкаў, прыцягнення да адказнасці кіраўніцтва МУС і КДБ, якія мусілі перадухіліць распаўсюд спайсаў. Стратэгічная ж мэта кампаніі, што распачалася круглым сталом, – дабіцца змянення беспакаранай судовай сістэмы ў краіне.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Стужка навінаў