Руферы-падлеткі без страхоўкі залезлі на 12-павярховую сталічную гасцініцу


На YouTube-канале Sektant \ Live it up зʼявілася відэа, дзе двое маладых людзей без страховачных тросаў па вонкавай сцяне ўзбіраюцца на дах 12-павярховага будынку гасцініцы «Зорка», размешчанай на паўднёвым захадзе сталіцы.

Адзін з удзельнікаў відэа – менскі руфер пад псеўданімам Паша Sektant, удзельнік каманды гарадскога экстрыму Live it up.

Дзеяннямі маладых людзей зацікавіліся праваахоўнікі.

«Пакінуць іх па-за ўвагай міліцыя не можа. Па-першае, само па сабе гэта захапленне ўяўляе смяротную небяспеку і нярэдка прыводзіць да гібелі падлеткаў. Па-другое, маладыя людзі ў сваім захапленні пранікаюць на аб’екты, дзе іх прысутнасць, мякка кажучы, непажадана. І, зноў жа, хто дасць гарантыю, што маладыя людзі не здзяйсняюць такім чынам пранікненне ў кватэры грамадзянаў з мэтай крадзяжоў?! Адзначу, што намі як раз затрыманая група маладых людзей з падобнымі экстрэмальнымі захапленнямі. Цяпер мы правяраем іх дачыненне да гэтых правапарушэнняў.», – паведаміў tut.by прэс-сакратар ГУУС Менгарвыканкаму падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Ластоўскі.

Сёння ў Менску затрымалі чацвярых хлопцаў, якія таемна праніклі на дах сталічнага ГУМу, каб зрабіць фотаздымкі. Найстарэйшаму – 24 гады. Трое хлопцаў – беларусы, яшчэ адзін – з Расеі. Усе вучацца, аднаго адлічылі з ВНУ за непаспяховасць.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў