Рудкоўскі: Крытыка Лукашэнкам Касцёлу – паказаць, хто галоўны, або ўплыў Крамля


Чаму кіраўнік краіны незадаволены польскімі ксяндзамі ў Беларусі? Філосаф Пётра Рудкоўскі і намеснік глаўрэда парталу Krynica.info Максім Гацак разважаюць пра стасункі ўладаў і касцёлу.

Не так даўно Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не вельмі задаволены «службай некаторых польскіх прадстаўнікоў на нашай зямлі».

«Заява Лукашэнкі, магчыма, мела паказаць, хто з’яўляецца ў хаце гаспадаром. Альбо я б тут таксама не выключаў уплыў Крамля», – заявіў у эфіры праграмы «Два на Два» філосаф Пётра Рудкоўскі.

«Незразумела, чаму заява адбылася зараз, у даволі няпросты год, няпросты эканамічна і палітычна для Лукашэнкі. Ёсць меркаванне, што беларускія ўлады імкнуцца паказаць Маскве на фоне непрызнання анексіі Крыму, перамоваў з Захадам, што Беларусь па-ранейшаму з’яўляецца саюзнікам Расеі, уваходзіць у «рускі свет», – адзначыў намеснік галоўнага рэдактара хрысціянскага інфармацыйнага парталу Максім Гацак.

У студзені ўпаўнаважаны ў справах рэлігіі і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка абвінаваціў некаторых ксяндзоў з Польшчы ў «палітыканстве». Заява выклікала скандал. Каталіцкія біскупы абвінавацілі Гуляку ў абразе касцёлу і распальванні міжнацыянальнай і міжканфесійнай варожасці. Каталіцкія вернікі пачалі збор подпісаў пад калектыўным зваротам да Аляксандрам Лукашэнкам. А той праз некалькі дзён узгадаў сваё даўняе незадавальненне «некаторымі» польскімі ксяндзамі. «Я пра гэта гаварыў былому папе рымскаму, што яны часам займаюцца не тымі рэчамі, якімі павінны», – заявіў Лукашэнка.

Стужка навінаў