Рубцоў: Сустрэў у Нямеччыне ўцекача з Полацку – крадзе ў крамах і думае, як зарабіць на цыгарэтах


Палітык Алесь Міхалевіч, паэт Славамір Адамовіч ды былы палітвязень Юрый Рубцоў распавядаюць пра «фэйкавых» уцекачоў і дзеляцца сваім досведам вымушанай эміграцыі.

Летась, паводле Еўрастату, 955 беларусаў папрасілі прытулак у краінах Еўразвязу. Калі дадаць Швейцарыю (55 заяваў) і Нарвегію (20 заяваў), то атрымліваецца 1040 заяваў на прытулак. Ці шмат гэта? І хто ўцякае з Беларусі? Пра гэта Belsat.eu пагаварыў з беларусамі, якія праз палітычную актыўнасць сталі ўцекачамі.

«1040 заяваў на прытулак? Хутчэй шмат, чым мала. І да мяне звяртаюцца па кансультацыю наконт атрымання прытулку, асабліва ў мінулым годзе чамусьці актыўна, відаць, перад выбарамі рыхтаваліся», – кажа паэт Славамір Адамовіч.

Славамір Адамовіч частуе ўдзельнікаў акцыі прадпрымальнікаў гарбатай і прадае сваю кнігу «Цана Еўропы, альбо Гісторыі Вільмана»

У свой час ён атрымаў статус палітуцекача ў Нарвегіі, пажыў некалькі год у гэтай краіне і вярнуўся ў Беларусь.

У сваю чаргу кандыдат на прэзідэнцтва на выбарах 2010 года Алесь Міхалевіч мяркуе, што лічбы наконт беларускіх уцекачоў не такія і вялікія, калі параўноўваць з тымі ж выхадцамі з расейскіх Чачэніі, Дагестану і г.д. (летась прытулак у ЕЗ папрасілі 22 180 расейцаў).

Сам Алесь Міхалевіч быў вымушаны пакінуць краіну пасля папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў, а ў Чэхіі атрымаў палітпрытулак. На радзіму вярнуўся ўжо перад апошнімі выбарамі, у верасні.

Сярод уцекачоў не абыходзіцца і без тых, хто прыдумляе свае  гісторыі ды ў выніку нават атрымлівае прытулак, прызнаецца палітык.

«З іншага боку – універсальнае правіла: калі хочам, каб атрымлівалі прытулак тыя, каго пераследуюць, то, на жаль, будуць і тыя, хто злоўжывае», – адзначае Алесь Міхалевіч.

Алесь Міхалевіч. Фота belrynok.by

Былы палітзняволены Юрый Рубцоў мае больш свежы ўцякацкі досвед. Ён нядаўна папрасіў прытулак у Нямеччыне (летась прытулак у гэтай краіне папрасілі 295 беларусаў), цяпер чакае пастановы. Раней паведамлялася пра шпіталізацыю мужчыны, але сам Рубцоў кажа, што яго паклалі ў лякарню праз памылку, са здароўем усё добра.

Замест агульнага лагеру яму цяпер далі пакой у горадзе, у якім Юрый Рубцоў жыве разам з жонкаю Ядвігай.

«Сустракаў тут шмат нашых землякоў, якія прасілі палітычны прытулак. Тыя, хто крыху займаецца палітыкаю, падчас размоваў са мной зразумелі, што на прытулак у іх няма аніякіх шанцаў, шмат якія з іх напісалі заявы, каб іх адпусцілі назад. Вельмі складана атрымаць палітычны прытулак у Нямеччыне», – кажа Юрый Рубцоў.

Паводле яго, шмат беларусаў прыязджаюць не таму, што ім патрэбны прытулак, а каб зарабіць. У выніку нямецкія ўлады маюць не найлепшы вобраз беларускага ўцекача, што можа адбівацца на тых, каму сапраўды патрэбны прытулак, мяркуе былы палітзняволены.

«Сутыкнуўся з чалавекам, які хадзіў па крамах і папросту краў рэчы, просіць палітычны прытулак. З Полацку такі са мной у лагеры жыў. Чалавек недалёкі: ідзе, бачыць машыну, кажа: «хачу пакатацца на такой». У яго толькі думкі пра тое, чаго ён хоча. Са шкадаваннем сказаў, што памянялі аўтаматы з цыгарэтамі. Паводле яго, раней «палітычныя» на гэтых аўтаматах маглі зарабіць да 10 тыс. еўраў за ноч. Вось пра што ён шкадуе», – распавядае Юрый Рубцоў.

Юрый Рубцоў

Сам ён адзначае, што не прывык атрымліваць грошай «проста так»: Юрый Рубцоў і ягоная жонка на дваіх атрымліваюць каля 400 еўраў дапамогі на месяц. Гэтых грошай хапае, бо прадукты ў Нямеччыне нашмат таннейшыя, чымся ў Беларусі, адзначае кандыдат на палітпрытулак. Працаваць жа Юрый Рубцоў не мае права – ягоную справу пакуль толькі разглядаюць.

Тым часам Славамір Адамовіч шчыра заяўляе, што і сам быў з «эканамічных» мігрантаў. Пры гэтым удакладняе, што пытанне «палітычны» ці «эканамічны» – вельмі хісткае:

«Але як расцэньваць, калі ты не маеш магчымасці працаваць, асабліва калі ўдзельнічаў ці «засвяціўся» ў палітычнай актыўнасці і на акцыях, а потым дзе ты можаш здабыць нейкую працу? Дый нават, калі на сябе пачаць працаваць: ці дадуць табе разгарнуцца і паўстаць?»

Славамір Адамовіч мяркуе, што атрымаць палітпрытулак у Нарвегіі беларусы не маюць шанцаў. Застаюцца  ды інтэгруюцца ў скандынаўскай краіне найперш жанчыны і дзяўчаты, якія выходзяць замуж, адзначае паэт. Пасля агучвае сваё пажаданне беларускім шукальнікам прытулку:

«Спрабуйце, шукайце шчасця! Але ведайце, што гэты працэс будзе даволі доўгі, складаны, і, хутчэй, ён завершыцца нічым іншым, як вяртаннем у Беларусь. А ў Беларусі, вядома, справаў хапае. Можна падумаць, напружыць сілы і тут працаваць. Ува ўсіх сэнсах: у палітычным, і ў эканамічным».

Зміцер Кустоўскі, belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары