У РПЦ выказаліся наконт затрымання ў Віцебску расейскага бацюшкі, якога вінавацяць у сутэнёрстве


Намеснік старшыні сінадальнага аддзелу па ўзаемаадносінах Царквы з грамадствам і СМІ Вахтанг Кіпшыдзе пракаментаваў інфармацыю аб затрыманні ў Віцебску святара, якога беларускі СК падазрае ў сутэнёрстве.

«У выпадку, калі выстаўленыя абвінавачанні, нягледзячы на ​​іх зусім беспрэцэдэнтны характар, пацвердзяцца, мы б зыходзілі з таго, што найлепшай для нас [царквы], была б выдача дадзенага святара ў Расею для яго крымінальнага пераследу ўжо тут», – сказаў Кіпшыдзе ў інтэрв’ю «Лента.ру»

Па словах прадстаўніка РПЦ, такія меры адпавядалі б канвенцыі аб прававой дапамозе, заключанай паміж Масквой і Менскам.

Па словах Кіпшыдзе, у царквы няма падстаў сумнявацца, што ў віцебскім прытоне затрымалі менавіта айца Мікалая, бо прадстаўнікі РПЦ ужо знаходзіцца ў непасрэдным кантакце з беларускімі праваахоўнікамі.

Іншы прадстаўнік РПЦ, протадыякан Андрэй Кураеў, не верыць у праўдападобнасць абвінавачванняў супраць Кірэева:

«Калі б сказалі, што ён карыстаўся іх паслугамі, гэта магло б быць падобна на праўду. Але сутэнёрства, тым больш трансгранічнае – наогул глупства».

Паводле яго слоў, удзел бацюшак у крымінальным бізнесе – зʼява надзвычай рэдкая.

Нагадаем, учора афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення Cледчага камітэту ў Віцебскай вобласці Святлана Сахарава паведаміла, што ў дачыненні да 39-гадовага грамадзяніна Расеі распачатая крымінальная справа за арганізацыю занятку прастытуцыяй.

Паводле расейскіх СМІ, крымінальная справа распачатая супраць бацюшкі з храма Святых апосталаў Пятра і Паўла ва Ўсяволаскім раёне Ленінградскай вобласці Мікалая Кірэева, які быў затрыманы пры штурме прытону з прастытуткамі ў Віцебску. Як паведамляе 47newsКірэеў цяпер знаходзіцца ў ізалятары, ягонай справай займаецца следчы Андрэй Маханькоў.

Раней пра знікненне мужа, 39-гадовага святара, айца Мікалая, у расейскую паліцыю паведаміла жонка. Бацюшка 2 жніўня сказаў жонцы, што зʼехаў у паломніцтва па Маскоўскай вобласці, але на сувязь не выходзіў, таму жанчына захвалявалася. СМІ паведамляюць, што святар рэгулярна ездзіў у Віцебск.

 

ІІ, belsat.eu; фота – 47news.ru

Стужка навінаў