Росатом: «Нас не прасілі замяніць рэактар»


Беларусь кажа, што «Росатом» зробіць новы корпус, а «Росатом» – што нічога пра гэта не ведае.

Генаральны падрадчык будаўніцтва АЭС у Астраўцы не атрымліваў афіцыйных заяваў ад Беларусі па замене корпуса рэактара. «Росатам лічыць заўчасным што-небудзь каментаваць, бо афіцыйных заяваў з беларускага боку да нас не паступала», – цытуе прэс-службу дзяржкарпарацыі «Інтэрфакс».

Раней у чацвер на сустрэчы з журналістамі ў расейскай Цюмені міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык паведаміў, што пашкоджаны корпус рэактара атамнай стацыі ў Астраўцы заменяць на новы.

«Ужо рашэнне прынята пра замену корпуса», – заявіў Патупчык.

Міністр не ўдакладніў назвы кампаніі-субпадрадчыка, які дапусціў ўзнікненне інцыдэнту на будпляцоўцы АЭС, адзначыўшы, што гэта расейская кампанія, якая ўваходзіць у структуру »Росатама«.

Прэс-служба «Росатому» падае, што здарэнне на будаўнічай пляцоўцы дапусціла ЗАТ «Сезам», якое не ўваходзіць у структуру дзяржаўнай карпарацыі.

10 ліпеня падчас выпрабавальнага ўсталёўвання корпусу рэактара 334-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў з вышыні ад 2 да 4 мэтраў. Пасля працяглага маўчання Міністэрства энергетыкі Беларусі пацвердзіла чуткі.

Пасля таго, як інфармацыя пра здарэнне выцекла ў медыі, мантаж корпусу рэактар прыпынілі.

«Росатом» настойваў на нязначнасці здарэння, якое адбылося 10 ліпеня: маўляў, корпус рэактара пераносілі на вышыні 4 метры, калі паламаўся пад’ёмны кран. Сам корпус замацавалі з перакосам. З гэтай прычыны корпус вісеў больш за паўгадзіны, пакуль не «дакрануўся да зямлі».

«Выкарыстоўваць такія словы, як «удар аб зямлю» ці «падзенне», няправільна, гэта ўводзіць людзей у зман», – казаў тады першы намеснік генеральнага дырэктара карпарацыі «Росатом» Аляксандр Лакшын.

«Гэта скажае сутнасць таго, што адбылося, бо хуткасць руху корпусу не перавышала хуткасці пешахода», – заявіў Лакшын.

Пазней «Росатом» заявіў пра гатовасць замяніць корпус рэактара.

Аляксандр Лукашэнка адзначаў, што Беларусь гатовая адмовіцца ад корпуса рэактара, калі ён мае хоць нейкае пашкоджанне.

Беларуская АЭС ўзводзіцца паводле расейскага праекту «ВБЭР-1200». Яна будзе складацца з двух энергаблокаў магутнасцю 1200 МВт кожны. Запуск першага энергаблоку запланаваны на 2018 год, другога – на 2020 год.

Генпадрадчыкам будаўніцтва БелАЭС з’яўляецца «Атамбудэкспарт» (структура «Росатама»).

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў