Роля Беларусі ў халоднай вайне – гулец ці марыянетка?


Пра тое, што новы вайсковы кантынгент у нашых суседзяў – гэта абарона ад Расеі, казаць не саромеюцца. А вось ці адчувае НАТО пагрозу з тэрыторыі Беларусі, «Белсат» запытаў проста на саміце ў кіраўніка МЗС Польшчы.

«Цягам апошніх месяцаў мы бачым пазітыўныя змены, хоць дачыненні паміж Беларуссю і НАТО складаліся па-рознаму. Альянс адкрыты для супрацы з Беларуссю. І мы бачым зацікаўленасць супрацаю і выходзім насустрач. Мы, Польшча, хочам адыгрываць ролю пасярэдніка, які прыблізіў бы Беларусь да супрацы з НАТО», – пазітыўна зазначыў Вітальд Вышчыкоўскі, міністр замежных справаў Польшчы.

Сігналы ў зацікаўленасці супрацаю Менск сапраўды дасылаў вайсковаму альянсу. У новай беларускай вайсковай дактрыне жаданне сябраваць з НАТО афіцыйна замацавалі. А кіраўнік МЗС нашае краіны, які месяц таму на адзін голас са сваім расейскім калегам выказваў непакой праз пашырэнне Паўночнага Альянсу, учора ў Латвіі нечакана змяніў рыторыку.

«Мы можам зразумець логіку, чаму НАТО размяшчае кантынгент на тэрыторыі нашых суседзяў, хоць мы гэтага не вітаем. Мы не разглядаем гэтага як наўпроставую пагрозу нашай бяспецы», – патлумачыў Уладзімір Макей, міністр замежных справаў Беларусі.

BelVoiska2

«Мы незалежныя! Ну спасіба!»

Пагрозы з боку Захаду Беларусь не бачыць, а вось з Усходу? Нарошчванне моцы Расеі падтрымлівае кожны пяты беларус. Усяго 10 %, апытаных Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, на баку НАТО. Але большасць – за поўны нейтралітэт. Мы таксама запыталі менчукоў, з якога боку яны адчуваюць пагрозу і каго падтрымліваюць?

«З боку Расеі. Таму што яны нас не паважаюць», – мяркуе жанчына. «Расея, Украіна, Беларусь – мы брацкі народ, мы разам выраслі. А НАТО хто для нас? Ніхто!», – кажа песніянер.

«Мы незалежныя! Ну спасіба!», – падсумоўвае мінак неадназначным адказам.

Адкуль сыходзіць пагроза для Беларусі?

Ці сапраўды мы незалежныя? Мы – у вайсковым саюзе з Расеяй, у АДКБ, таму ў выпадку эскалацыі канфлікту паміж НАТО і Расеяй захаваць нейтралітэт наўрад ці атрымаецца. Пасля варшаўскага саміту Расея можа яшчэ больш настойваць на размяшчэнні ў нашай краіне вайсковай авіябазы і не толькі.

«Безумоўна, можа не абмежавацца размяшчэннем авіябазы, а могуць зʼявіцца ў Беларусі і іншыя вайсковыя кантынгенты, а таксама і адмысловыя сістэмы супрацьракетнай абароны, напрыклад, Іскандэр», – упэўнены палітолаг Павел Усаў.

А ў гэткім выпадку балансу, хоць і на паказ, не захаваеш. Нядаўні вязень расейскай турмы, дэпутатка Вярхоўнай Рады Украіны, госця саміту NATO Надзея Саўчанка распавяла «Белсату», што ў нейтральнасць Лукашэнкі не верыць.

«Дыктатура не можа быць нейтральнаю. Так здарылася гістарычна, што Беларусь вельмі моцна завязаная з Расеяй. Там і там дыктатар. Яны, канешне, могуць паміж сабой дамовіцца, але ці будзе гэта нейтральна – наўрад ці», – даводзіць Надзея Саўчанка, дэпутатка Вярхоўнай Рады Украіны.

НАТО не хоча эскалацыі канфлікту, але калі выбухне агрэсія, вымушанае будзе адказваць. Пацерпіць жа ў выніку нашая краіна, якая сама абрала сабе вайсковага хаўрусніка. А таму як ні стварай вобраз міратворца, колькі ні заклікай да дыялогаў, ці якія пляцоўкі ні прапаноўвай, але аглядацца на Усход давядзецца.

Ганна Любакова, «Белсат»

Стужка навінаў