Рой восаў атакаваў дзяцей у Слуцку


Здарэнне адбылося ўвечары 16 верасня каля дому № 60 на вуліцы 14 Партызан.

Дзеці гулялі з мячом у двары. У нейкі момант мяч зваліўся ў драўляны калодзеж. Калі дзеці паспрабавалі дастаць мяч, іх атакаваў рой восаў, распавялі відавочцы мясцоваму выданню SlutskGorod.

«У калодзежы быў пень ад старога вялікага дрэва. Напэўна, восы пасяліліся на ім», – выказала здагадку мясцовая жыхарка.

Паводле відавочцаў, восы пакусалі таксама мінакоў. Адзін мужчына пачаў аказваць дапамогу – даставаў насякомых з валасоў дзяўчынак. Адна з жанчынаў згубіла прытомнасць. Пацярпелых забрала хутка. Некаторым зрабілі ўколы на месцы.

Працаўнікі МНС разбурылі пень і, паліўшы бензінам, спалілі.

Укус асы небяспечны

У адрозненне ад пчол, яна можа атакаваць некалькі разоў запар.

У складзе асінай атруты вялікая колькасць алергенаў і таксічных рэчываў, таму ад нападу восаў пакутуюць у першую чаргу алергікі. Атрута гэтых інсектаў утрымлівае дастатковую колькасць рэчываў, якія выклікаюць алергічную рэакцыю, у асабліва складаных выпадках укус прыводзіць да ацёку Квінке або анафілактычнага шоку.

Лепш самастойна гнязда не чапаць. Знішчэннем асіных гнёздаў займаецца МНС. Калі гняздо з небяспечнымі інсектамі блізу жылля чалавека і пагражае жыццю, ратавальнікі прыязджаюць на выклік і ліквідуюць месца збору восаў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў