Родчанкаў распавёў, як ФСБ кантралюе допінгавую сістэму ў Расеі


Карэспандэнт BBC сустрэўся з былым кіраўніком Маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі Рыгорам Родчанкавым у засакрэчаным месцы. У рамках праграмы абароны сведак Родчанкаву нельга выдаваць месца жыхарства.

Гэта першае інтэрв’ю 59-гадовага Родчанкава з таго моманту, як ён збег з Масквы. Падчас інтэрвʼю Родчанкаў быў у масцы: яму нельга паказваць твар праз пагрозу з боку агентаў Масквы.

Міжнародны алімпійскі камітэт сёння сутыкнуўся з «найважнейшым момантам у сваёй гісторыі», кажа Родчанкаў. Арганізацыі трэба будзе вырашыць, ці зможа расейскі спартсмен выйсці пад нацыянальным сцягам на цырымоніі закрыцця ў нядзелю.

Дазволіць ім гэта зрабіць было б «горшым рашэннем» з боку МАК, упэўнены Родчанкаў.

На думку былога спартыўнага чыноўніка, алімпійскі рух сёння мае патрэбу ў сурʼёзных рэформах па барацьбе з допінгам. Калі іх не будзе, то «алімпіяда памрэ», – кажа Родчанкаў.

Міжнародны алімпійскі камітэт, кажа ён, «фальсіфікуе» барацьбу з допінгам, а «міжнародныя спартыўныя федэрацыі сабатуюць яе».

Таксама Родчанкаў заявіў, што верагодна, загінуў бы, калі б не збег з Расеі. Ён «просіць прабачэння» перад брытанскімі спартоўцамі за тое што дапамагаў расейцам мухляваць на Алімпіядзе 2012 года ў Лондане. Яму таксама вядома пра падазроныя ў сэнсе ўжывання допінгу выпадкі з брытанскімі спартоўцамі.

Як распавёў Родчанкаў, падмена мачы расейскіх спартоўцаў у прабірках ажыццяўлялася праз невялікія адтуліны ў сценах будынка антыдопінгавай лабараторыі ў Сочы, сцвярджае Родчанкаў. Як і раней, ён мяркуе, што аб сістэме допінгу ў Сочы ведалі прэзідэнт Уладзімір Пуцін і тагачасны міністр спорту Віталь Мутко.

Урад Расеі адмаўляе існаванне допінг-схемы, аднак Родчанкаў настойвае, што пра яе было вядома ўсім.

«Мне аднаму рабіць гэта было б немагчыма», – кажа ён.

«Безумоўна, я выконваў загады. Гэта была камандная праца. Калі патрэбна была каардынацыя, падключалася ФСБ. [Мутко] ведаў абсалютна ўсё, і ён паведамляў пра ўсё прэзідэнту. Я ведаю, што ён меў кантакты напрамую з Пуціным. Ён казаў мне пра гэта.. Пуцін усё адмаўляе Звычайная сітуацыя», – сказаў Родчанкаў

КА, belsat.eu

Стужка навінаў