Рэзідэнцыя караля ў Аўгустове цяпер: капліца, карчма і пара старых ліпаў

photo

Былую рэзідэнцыю караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Горадні праглынула прамзона ды мікрараён.

Зараз на вуліцы Рэпіна ў занёманскай частцы Горадні ўжо нічога не ўказвае на колішнюю «каралеўскую прысутнасць». Шэрыя савецкія шматпавярховікі, прамысловая зона «Гроднажылбуду», фабрыка «Дынама», падстанцыя… Адно пара старых ліпаў, зарослыя стаўкі ўздоўж дарогі ды будынак у стылі класіцызму, што невядома як зацясаўся паміж дзевяціпавярховікаў, могуць навесці мінака на цікавыя развагі.

Рэзідэнцыя, адна з трох

Аўгустова – адна з трох гарадзенскіх рэзідэнцыяў апошняга караля Рэчы Паспалітай. Дакладней, за часамі Станіслава Аўгуста, усе яны знаходзіліся за горадам, зараз жа – уціснуліся ў гарадскія межы. Калі ў Панямуні ды Станіславова будынкі палацаў захаваліся, то ў Аўгустова сляды каралеўскай рэзідэнцыі даводзіцца вышукваць па крупіцах

Рэзідэнцыя паўстала тут у 1770-х гадах: палац, капліца, гаспадарчыя пабудовы ды парк ажно на 20 гектараў з трыма злучанымі сажалкамі. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Кацярына перадала Аўгустова О’браенам дэ Ласі, якія гаспадарылі тут наступныя амаль 150 год. Падчас І Сусветнай каралеўскі палац у стылі класіцызм спалілі расейскія войскі, якія адступалі, парк – пайшоў на драўніну.

Маёнтак падзелены, палац разабраны на цэглу

Пасля вайны нашчадкі О’браенаў дэ Ласі (сям’я мела шатландскія карані) падзялілі маёнтак на часткі. Маўрыцыю дасталася капліца, збудаваная на пачатку ХІХ ст. на манер базілікі св. Пятра ў Рыме, ды карчма Гарадзенскай эканоміі.

Зусім іншы лёс чакаю спалены расейцамі, але па-ранейшаму велічны гмах палацу, які трапіў у рукі польскаму вайскоўцу Цярэнцію дэ Ласі. Палкоўнік апынуўся скандальным персанажам, бо спачатку хацеў разабраць палац на цэглу, пасля – нібы пагадзіўся на аднаўленне, калі дзяржава дасць на тое субсідыі… У выніку, аднавіць палац так і не атрымалася, а яго рэшткі былі разабраныя ўжо за часамі БССР.

Цікава, што да нашага часу захавалася толькі спадчына Маўрыцыя О’браена дэ Ласі. Усё, што ўспадкаеміў Цярэнці – не пакінула па сабе і следу…

Вуліца Рэпіна – дарога да палацу

Капліца зараз дзейнічае як каталіцкі храм, поруч з ёй будуецца сучасны касцёл з чырвонай цэглы. Унутры, праўда, аніякай аўтэнтыкі не захавалася: ані ўпрыгожанняў, ані фамільных пахаванняў О’браенаў.

Напамін пра старыя паркавыя стаўкі
Напамін пра старыя паркавыя стаўкі

Будынку карчмы таксама пашчасціла. У міжваенны час ён быў жылым, тут спыняўся нават культавы польскі паэт і мастак Станіслаў Ігнацы Віткевіч. Зараз у будынку месціцца дзіцячы клуб «Алыя ветразі».

Цікава, што вуліца Рэпіна была фактычна збудаваная паводле дарогі, якая вяла да палацу. Таму менавіта захаваліся і капліца, і карчма, і частка старых дрэваў, і зарослыя стаўкі, размешчаныя ўздоўж сучаснай ашфальтаванай вуліцы.

Па ліпах прафесар вызначыў, дзе праходзілі сцежкі пры Панятоўскім

Ніякіх знакаў ці шыльдаў, якія б нагадвалі пра слаўную гісторыю Аўгустова тут няма. Тым не менш, памяць пра каралеўскую рэзідэнцыю рупліва зберагаюць у гарадзенскай чацвёртай гімназіі, дзе працуе адмысловы краязнаўчы музей «Аўгустова: гісторыя і лёсы».

Кіраўнік музею і настаўніца Вольга Грамыка распавядае, што яны з вучнямі ўжо не першы год вывучаюць Аўгустова. Запрашалі нават прафесара Анатоля Федарука, эколага і аўтара грунтоўнай кнігі «Старадаўнія сядзібы Гарадзеншчыны». Па ліпах прафесар нават вызначыў дзе праходзілі сцежкі і дарогі ў часы Панятоўскага: тагачасныя дрэвы спілавалі, але карані далі парасткі.

Так выглядалі аўгустоўскія каштаны ў 2009-м
Так выглядалі аўгустоўскія каштаны ў 2009-м

«Тут таксама раслі старыя каштаны. Федарук не быў упэўнены, што яны сягаюць XVIII ст., але калі пабываў у Гарнах, таксама маёнтку О’браенаў дэ Ласі, то сказаў, што адчувае «тую ж руку» садоўніка, што і тут. На жаль, дрэвы спілавалі пару год таму, з-за чаго канчаткова вызначыць іх паходжанне немагчыма. У любым выпадку, дрэвы былі вельмі старыя, каштаны столькі не жывуць, толькі старанны дагляд дазволіў ім дацягнуць да нашага часу», – кажа спадарыня Вольга.

Другое пакаленне паркавых грабаў утварыла цэлы гай

Дрэваў, якія памятаюць Панятоўскага ў Аўгустове, на жаль, не захавалася. Засталіся адно старыя ліпы каля капліцы ды каля дзіцячага клубу. Іх, дарэчы, згадвае Надзея Друцкая, жонка Маўрыцыя О’браена дэ Ласі, якая жыла тут на пачатку ХХ ст. – тады гэта ўжо былі вялікія дрэвы.

Цікава атрымалася і з паркавымі грабамі. Старых дрэваў не захавалася, але ад каранёў пайшлі новыя, якія ўтварылі цэлы грабавы гай. Гэта другое пакаленне з таго ж самага карнявішча. Можна сказаць, што прынамсі іх карані сягаюць часоў Панятоўскага.

Вольга Грамыка спадзяецца, што колішняя рэзідэнцыя ўсё ж такі будзе неяк адзначаная – прынамсі сімвалічным стэндам. Тады жыхары раёну маглі ўсвядоміць, што тут было да іх, а імаверныя турысты атрымалі б адэкватную інфармацыю пра каралеўскую рэзідэнцыю, якую не пашкадаваў ані час, ані людзі.

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары