Рэжысёра Алега Сянцова на два тыдні змясцілі ў штрафны ізалятар


Украінскага рэжысёра і палітвязня Алега Сянцова, які адбывае 20-гадовы тэрмін за тэрарызм, накіравалі ў штрафны ізалятар адразу пасля таго, як у верасні забралі з якуцкай калоніі і даставілі ў папраўчую калонію № 8 у горадзе Лабытнангі Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі, вядомую пад назвай «Белы мядзведзь».

Пра гэта паведаміў кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Агора» Павел Чыкаў. За што Сянцова адправілі ў штрафны ізалятар, невядома.

Паводле Чыкава, Сянцова ў калоніі наведаў ягоны адвакат Дзмітрый Дынзэ.

«Алег пасля этапавання ў калонію загрымеў у ШІЗА. Здаровы, перадаваў усім прывітанне!» – напісаў Чыкаў.

Дынзэ апублікаваў фатаграфіі транспарту, якім дабіраўся да калоніі.

У жніўні 2015 году Алег Сянцоў быў прысуджаны ваенным судом у Растове-на-Доне да 20 гадоў у калоніі строгага рэжыму – яго прызналі вінаватым у «стварэнні на тэрыторыі Крыму тэрарыстычнай супольнасці». Паводле расейскага следства, рэжысёр у красавіку 2014 года даручыў сваім паплечнікам узарваць у цэнтры Сімферопалю помнік Леніну і падпаліць офісы «Рускай абшчыны Крыму» і «Адзінай Расеі».

Сянцоў не прызнаў сваёй віны. Праваабаронцы лічаць яго палітвязнем. Многія дзеячы культуры па ўсім свеце неаднойчы выступалі ў падтрымку зняволенага рэжысёра. Пуцін адмовіўся яго памілаваць.

У верасні 2017 года Алега Сянцова забралі з якуцкай калоніі і адправілі па этапе. У лістападзе яго праз Іркуцк, Чэлябінск і Цюмень прывезлі ў Лабытнангі Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі – горад знаходзіцца за Палярным кругам.

ДР belsat.eu

 

 

Стужка навінаў