Рэжысёр Сяргей Каласоўскі зняў буктрэйлер да кнігі, якую напісаў журналіст «Белсату»


Буктрэйлер кнігі «Прытулак»

Сяргей Каласоўскі зняў відэаролік да кнігі Змітра Кустоўскага «Прытулак».

Кніга распавядае гісторыю маладога эмігранта, які з’ехаў са сваёй краіны і папрасіў палітычны прытулак у Польшчы.

Здымкі з удзелам аператара Ягора Яфімава адбываліся пераважна на вакзале «Варшава Заходняя». Амаль 3-хвіліннае відэа пабудаванае ў выглядзе інтэрв’ю з нібыта галоўным героям раману – 19-гадовым Алегам.

Сяргей Каласоўскі мяркуе, што відэа ўдалае, герой атрымаўся праўдападобны, «ты верыш, што ён існуе»:

«Аўтару ўдалося пазначыць сучаснага героя, які шукае сябе і не можа знайсці. Мне не хацелася апісваць сцэны з кнігі, мне хацелася зразумець, пра якога чалавека вядзецца гаворка. Менавіта таму такая форма, інтэрв’ю. Мне падаецца, гэты трэйлер крыху разбудоўвае тэкст. Паглядзеўшы відэа, чытачам будзе прасцей зразумець кнігу».

Рэжысёр прызнаецца, што з цікавасцю ўзяўся б рабіць відэа да кніжак іншых беларускіх аўтараў, напрыклад, Альгерда Бахарэвіча альбо Віктара Марціновіча, калі б такія прапановы паступілі.

«Мне вельмі цікавая была форма буктрэйлера, я хацеў пачытаць кнігу і зрабіць абагульненне думкі, якую хацеў данесці аўтар», – дадае рэжысёр.

Сяргей Каласоўскі – беларускі рэжысёр, а таксама сцэнарыст. Ягоны сцэнар «Саламонава гара», напісаны ў суаўтарстве з Мікалаем Лаўранюком, атрымаў спецыяльны прыз журы «ScripTeast» на Канскім кінафестывалі.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў