Рэжысёр Антось Цялежнікаў: Здымаючы рэпартаж пра Алеся Чаркашына, адкрыў пра яго шмат новага + рэпартаж

video

Як хлопец з берасцейскай шпаны стаў шчырым вернікам, беларускім патрыётам ды аддаў сваё жыццё за вольнасць Украіны – пра гэта рэпартаж Антося Цялежнікава «Алесь Чаркашын. Не здавайся», прэмʼера якога на «Белсаце» сёння а 22:25.

Звычайны хлопец з берасцейскага падворка. Але ён стаў сапраўдным героем. Беларускі добраахвотнік Алесь Чаркашын ваяваў на баку Украіны, памёр у выніку раненняў, якія атрымаў на Данбасе.

Алесь Чаркашын – удзельнік трох Плошчаў: 2001, 2006 і 2010 гадоў. Акрамя таго ён бараніў народны мемарыял «Курапаты» падчас пашырэння Менскай колавай аўтадарогі ў 2001-м, браў удзел у арганізацыях «Край» і «Зубр». Пазней далучыўся да дзейнасці «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі».

Алесь Чаркашын быў байцом тактычнае групы «Беларусь», далучыўся да добраахвотніцкага атраду «Правага cектару» амаль з самога пачатку баявых дзеянняў на Данбасе. Ва Украіне ён вучыўся ў Біблейскім інстытуце ў Херсоне. На вайне ж стаўся капеланам добраахвотнікаў.

«Алесь Чаркашын. Не здавайся!», дак. фільм, рэж. Антось Цялежнікаў, 2016:

Рэжысёр Антось Цялежнікаў адзначыў, што ідэя рэпартажу нарадзілася пасля знаёмства з Алесем Чаркашыным на Данбасе. Праз некаторы час у рукі дакументаліста трапіў тэлефон беларускага добраахвотніка, на якім быў відэазапіс апошняга бою берасцейца.

«Я пераканаўся, што гэта чалавек заслугоўвае ўвагі, каб зрабіць прынамсі такі рэпартаж і расказаць ягоную гісторыю, якая была вельмі няпростай, нялёгкай і вельмі цікавай», – падкрэсліў спадар Цялежнікаў.

Дакументаліст пастанавіў паказаць гледачам гісторыю трансфармацыі Алеся Чаркашына, хлопца, які першапачаткова належаў да шпаны, прайшоў выпрабаванне берасцейскім падворкам ды нават сам удзельнічаў у пэўнай крымінальнай схеме, але здолеў з гэтага своечасова выйсці, паверыў у Бога ды змяніў свой лёс у лепшы бок.

«Ён вельмі моцна змяніўся. Гэту гісторыю мне давялося пачуць ад ягоных сяброў, з якімі ён пазней кантактаваў. І я сапраўды шмат новага для сябе адкрыў пра Алеся», – падкрэсліў дакументаліст.

Больш – у відэаматэрыяле.

Спецыяльна для дакументальнага фільму «Белсату» пад назвай «Білорус» Антося Цялежнікава Алесь Чаркашын напісаў песню «Не здавайся». Пазней рэжысёр зрабіў асобны кліп на кампазіцыю.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары