Прафесара звольнілі праз крытыку ўладаў у сацыяльных сетках


Кіраўніцтва Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэту не працягнула супрацы з 65-гадовым доктарам сельскагаспадарчых навук Міхаілам Кадыравым. Афіцыйна – закончыўся тэрмін ягонага кантракту з установаю.

«Афіцыйна я ж не магу нічога прадʼявіць. Кантракт кожны год сканчаўся, вычарпаўся тэрмін, мне не падоўжылі. Хаця ў інстытуце працуюць дактары і па 70, і па 80 гадоў. Але працуюць!», – тлумачыць прафесар.

Звольнілі за крытыку ў сацыяльных сетках?

Прафесар Кадыраў вядомы ў Беларусі не толькі сваёй прафесійнаю дзейнасцю, але і цвёрдаю грамадзянскаю пазіцыяй. Ён смела выказваецца ў сацыяльных сетках і друкуе крытычныя артыкулы ў медыях пра сапраўдны стан беларускай гаспадаркі.

«Галоўнае – адсправаздачыцца, што ёсць рост ураджаю, рост надояў. А праз тое, што кіраўнік – не гаспадар, а часовы чалавек, то ён шукае магчымасці росту ў прыпісках. І гэта стала такою ракаваю пухлінаю, якая распаўзлася па сельскай гаспадарцы рэспублікі», – абураецца Міхаіл Кадыраў.

Падобныя выпадкі па ўсёй Беларусі

Смелыя выказванні аўтаматычна зрабілі прафесара ахвяраю кантрактнай сістэмы. А ў шыхтах звольненых за крытычнае стаўленне да ўладаў – дзясяткі рабочых ды цэлая кагорта вядомых педагогаў з Гарадзенскага ўніверсітэту: Вячаслаў Швед, Андрэй Чарнякевіч ды Іна Сарокіна. На ўсю краіну прагрымела справа і настаўніцы Талькаўскай сярэдняй школы Наталлі Ільініч.

Незалежныя прафсаюзы Беларусі дзесяцігоддзямі змагаюцца з кантрактнаю сістэмаю. Яна дае грамадзяніну права на працу, але пазбаўляе яго ўсіх іншых правоў, у тым ліку – права на прыстойны заробак ды годныя ўмовы працы.

Кароткатэрміновыя кантракты – сталая сусветная практыка ў дачыненні рабочых. Для Беларусі ж – магчымасць для расправы з іншадумцамі.

Увядзенне кантрактавай сістэмы дало магчымасць уладам зрабіць работнікаў больш паслухмянымі і бязвольнымі. Ну а за вынікамі, як кажуць, далёка хадзіць не трэба. Бязмежнае беспрацоўе – на фоне збанкрутаваных прадпрыемстваў.

Таццяна Уласенка, «Белсат», фота – deniskazansky.com.ua

Стужка навінаў