Рэжым аль-Асада караў смерцю тысячы людзей у турме пад Дамаскам. Сведчані выжылых


Як выглядае турма, дзе рэжым аль-Асада забіў тысячы людзей

Праваабаронцы з Amnesty International абвінавацілі ўрад рэжыму Башара аль-Асада ў масавых катаваннях і забойствах у ваеннай турме «Саедная», якая знаходзіцца ў 27 кіламетрах на поўнач ад Дамаску.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя называе дзеянні рэжыму злачынствам супраць чалавечнасці і заклікае правесці незалежнае расследаванне.

У апублікаваным даследаванні адзначаецца, што рэжым аль-Асада «спакойна і метадычна» арганізоўваў масавыя забойствы вязняў.

«З пачатку грамадзянскай вайны ў Сірыі ў 2011 годзе па 2015 год у ваеннай турме без суда і следства пакаралі не менш за 13 тысяч чалавек. Інфармацыю пацвердзілі дзясяткі былых наглядчыкаў гэтай установы, а таксама суддзі, адвакаты. Раз ці два на тыдзень групы да 50 чалавек таемна караліся смерцю праз павешанне, целы хавалі ў брацкіх магілах. Смяротныя выракі прыводзілі ў выкананне праз некалькі хвілін пасля заканчэння суда «ў мэтах садзейнічання дзяржаўнай палітыкі» і пад сакрэтам».

Падставай для прысуду часта служылі паказанні, дадзеныя пад катаваннямі. Падсудным не прадстаўлялі адвакатаў. Акрамя таго, ёсць звесткі аб рэгулярных катаваннях, згвалтаваннях, збіцці і жахлівых умовах утрымання.

Успаміны вязняў: гвалцілі, збівалі, кідалі ежу на брудную падлогу

Amnesty International ужо заяўляла пра злоўжыванні ў турме «Саедная», аднак аль-Асад зняпраўджваў абвінавачванні.

У сваім дакладзе праваабаронцы падаюць сведчанні людзей, якіх трымалі ў няволі, і якім удалося пазбегнуць смерці.

Амар

«Я нават не ведаю, як апісаць тое, што бачыў. Ахоўнікі загадвалі зняць усю вопратку і пайсці ў душ адзін за адным. Калі мы туды прыходзілі, яны выбіралі аднаго з хлопцаў, самага маленькага, маладога ці справядлівага. Яны загадвалі, каб ён павярнуўся тварам да дзвярэй і заплюшчыў вочы. Затым яны загадвалі іншаму зняволенаму згвалціць яго… Я ўсё ведаю пра гэта, я перажыў гэта… Часам псіхалагічны боль горшы, чым фізічны… Калі зняволены адмовіцца згвалтаваць, яго вельмі моцна збіваюць…»

Хасан

«У студзені 2013 года, яны пачалі забіваць нас. Мы пачалі губляць вагу. Нашы футболкі сталі настолькі вялікімі, што мы выглядалі як дзеці, якія носяць вопратку нашых бацькоў. Косці сталі выходзіць. Можна было пабачыць нашыя ключыцы, нашыя плечавыя косці. Мы ператвараліся ў іншых людзей, якія паміраюць ад голаду»

Карым

«На падлозе ў нас былі струпы і гной з каросты, валасы, кроў вошай. Вядома, на падлогу яны клалі ежу. Калі прыходзіў час на ежу, мы ішлі да сцяны і заплюшчвалі вочы. Мы чуем гук рондаля, які кідаюць у клетку, і ён перакульваецца. Ежа раскіданая па ўсёй падлозе… У першы дзень, мы не ямо нічога апрача хлебу. Другі дзень, трэці дзень. Нам трэба выжыць. У рэшце, мы ямо. Мы бярэм скрабок з душа, каб саскрэбці бруд, і мы ямо…»

ДР belsat.eu

Стужка навінаў