Рэзалюцыя з крытыкай Беларусі не ўвайшла ў выніковую дэкларацыю сесіі ПА АБСЕ ў Менску


9 ліпеня ПА АБСЕ на апошнім паседжанні 26-й летняй сесіі прыняла Менскую дэкларацыю. Рэзалюцыя па Ўсходняй Еўропе, якая крытыкуе Беларусь, была з яе выключана, паведамляе БелТА.

Першапачаткова рэзалюцыя была прапанаваная літоўскім дэпутатам Лаўрынасам Кашчунасам і ўключаная ў праект Менскай дэкларацыі. Яна выклікала бурнае абмеркаванне сярод парламентароў. Галасы падзяліліся: 43 чалавека прагаласавалі «супраць» і столькі ж «за». 29 устрымаліся ад галасавання.

Прадстаўнік беларускай дэлегацыі Валер Варанецкі назваў «палітычным тэатрам» галасаванне па «беларускай» дэкларацыі.

У адпаведнасці з рэгламентам ПА АБСЕ было прынятае рашэнне не ўключаць рэзалюцыю ў выніковую Менскую дэкларацыю.

Нагадаем, 8 ліпеня Камітэт па правах чалавека і гуманітарных пытаннях ПА АБСЕ на сесіі ў Менску прыняў рэзалюцыю «Становішча ва Ўсходняй Еўропе» з крытыкай урадаў Беларусі, Расеі і Азербайджана.

Крытыка Беларусі была звязаная з непразрыстымі выбарамі, абмежаваннем свабоды слова і СМІ, ціскам на журналістаў, затрыманнямі ўдзельнікаў акцый пратэсту і наяўнасцю ў краіне палітвязняў.

У сваю чаргу, каментуючы дакумент, прадстаўнік МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык заявіў, што рэзалюцыя па Ўсходняй Еўропе «носіць канфрантацыйны характар» і «вядзе да далейшага ўзросту напружанасці, паглыбленню недаверу ў адносінах паміж дзяржавамі».

KA, belsat.eu, паводле belta.by i tut.by

Стужка навінаў