Reuters: Як Беларусь зарабляе на рээкспарце расейскага звадкаванага газу


Міжнароднае агенцтва навінаў Reuters апублікавала артыкул, прысвечаны рээкспарту звадкаваных вуглевадародных газаў (ЗВГ) з Беларусі. Паводле аўтараў, Менск выкарыстоўвае заходнія санкцыі ў дачыненні да Расеі і расейскія контрсанкцыі, каб атрымліваць прыбытак у якасці гандлёвага пасярэдніка і «чорнага ходу» у адзіную мытную прастору постсавецкіх рэспублік.

Гэтак, яшчэ ў 2016 годзе Беларусь атрымлівала ад Расеі каля 20 тысяч тон звадкаванага газу ў месяц, а ўжо ў 2018 годзе – каля 79 тысяч тон за месяц. Істотную частку гэтага газу Беларусь рээкспартуе ў іншыя краіны (пераважна Украіну і Польшчу).

Пасля таго, як Расея ў траўні мінулага году ўвяла працэдуру атрымання спецдазволу на прамыя пастаўкі ЗВГ ва Украіну, расейскія вытворцы ЗВГ пачалі выкарыстоўваць «беларускую» схему рээкспарту. Пастаўкі ажыццяўляюцца праз газанапаўняльныя станцыі, у асноўным у Віцебскай вобласці. На станцыю Віцьба прыходзіцца больш за 75 адсоткаў усіх адгрузак з РФ у Беларусь.

«Расейскія кампаніі альбо рэгіструюць тут (у Беларусі) фірму, альбо працуюць праз беларускія кампаніі, каб такім чынам абыходзіць санкцыі. То бок, гэта дазваляе ім пастаўляць ЗВГ на Украіну », – кажа крыніца ў галіне.

Паводле дадзеных крыніцы Reuters, асноўны аб’ём рээкспартаванага газу праходзіць праз кампаніі Трансэкспедыцыі. Там, у сваю чаргу, адмовіліся ад каментароў.

Пры гэтым рээкспарт расейскага ЗВГ не шкодзіць пастаўкам аналагічнай прадукцыі беларускай вытворчасці. Такім чынам, Менск проста «атрымлівае дадатковыя грошы». Паводле агенцтва, асноўным пастаўшчыком ЗВГ з Расеі зʼяўляецца кампанія Сібур.

Паколькі асноўны газаразмеркавальны хаб на станцыі Віцьба, якая належыць кампаніі Трансэкспедыцыя, пераарыентаваўся на адгрузкі ў Польшчу, то для паставак расейскага ЗВГ ва Украіну праз Беларусь спатрэбіліся новыя магутнасці. Напрыклад, прыватная фірма Чесс-Бел пад Віцебскам рэканструявала частку рэзервуарнага парку ўласнай нафтабазы ​​пад захоўванне i перавалку ЗВГ і цяпер штомесяц пастаўляе па 4.000-5.000 тон газу расейскай вытворчасці ўкраінскаму нафтахімічным прадпрыемству Карпатнафтахім.

***

Нагадаем, летась у інтэрв’ю belsat.eu былы супрацоўнік Віцебскага КДБ Андрэй Молчан узгадваў кампанію Чесс-Бел у кантэксце кантрабанды нафтапрадуктаў. Ён жа сцвярджаў, што кантралюе «шэрую» схему рээкспарту віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка. Падрабязна чытайце тут:

«Лукашэнка вызначыў: лепш за ўсё экспартуюць кантрабандысты», – інтэрв’ю з афіцэрам КДБ, які ўцёк у Стакгольм

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў